Праца ракетнай сістэмы залпавага агню. Фота 53-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Уладзіміра Манамаха УСУ

Праца ракетнай сістэмы залпавага агню. Фота 53-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Уладзіміра Манамаха УСУ

Украінскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад заяў пра вызваленне тэрыторый, каб не ствараць у грамадстве завышаных чаканняў. Аднак паведамленні расійскіх рэсурсаў паказваюць, што ўкраінскі контрнаступ працягваецца. Прычым, акрамя актыўных дзеянняў на херсонскім кірунку, украінцы канцэнтруюць сілы ў раёне Ізюма і Барвенкава на поўдзень ад Харкава, і робяць вылазкі пад Запарожжам.

«На працягу 3 верасня Узброеным сілам Украіны ўдалося цалкам заняць сяло Благадатаўка, — піша расійскі шавіністычны тэлеграм-канал «Рыбарь». — Верагодней за ўсё, у раёне Андрэеўкі была часткова адноўленая як мінімум адна пантонная пераправа [цераз Інгулец]: да сярэдзіны дня туды курсіравалі грузавікі з друзам і грунтам, якія насыпалі земляны насып».

Карта фронту каля Сухога Стаўка па стане на 3 верасня, згодна з «Рыбарем»

Карта фронту каля Сухога Стаўка па стане на 3 верасня, згодна з «Рыбарем»

Учора ж у херсонскіх чатах з’явіліся відэа расійскага ЗПРК «Панцыр», знішчанага ў Алешках — гэта левабярэжняя частка Херсонскай вобласці.

Раніцай 4 верасня быў узняты сцяг Украіны над больніцай у Высакаполлі Берыслаўскага раёна Херсонскай вобласці. Гэта пасёлак гарадскога тыпу з 4-тысячным насельніцтвам, стратэгічна важны пункт. Баі за яго ішлі з 29 жніўня, а пад акупацыяй ён быў з 16 сакавіка.

Адступленне расійскіх дэсантнікаў з Высакаполля пацвердзілі расійскія крыніцы.

Фота ўсталявання ўкраінскага сцяга над Высокапольскай бальніцай 

Фота ўсталявання ўкраінскага сцяга над Высокапольскай бальніцай 

УНІАН піша, што ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі ад акупантаў Азёрнае ў Данецкай вобласці, фарсіраваўшы раку Северскі Данец. Гэта невялікая вёска непадалёк ад Северска.

3 верасня з'явіліся відэа новага ўдару ўкраінскай дальнабойнай артылерыі па аэрадроме Мелітопаля, а ў Данецкай вобласці ўкраінцы збілі расійскі верталёт Ка-52.

Расійскія каналы пішуць, што, пачынаючы з 31 жніўня, украінцы прамацваюць абарону расіян таксама пад Палагамі Запарожскай вобласці.

Расійскія рэсурсы заклапочаныя таксама сітуацыяй на поўдзень ад Харкава. Многія расійскія блогеры лічаць, што наступ пад Херсонам мае толькі падставіць расійскія сілы пад удар на неабароненых пераправах цераз Дняпро, а галоўны ўдар украінцы рыхтуюць пад Ізюмам і Барвенкавам.

На фоне новых правалаў на фронце ў Расіі пачынаюць шукаць вінаватых. Гэтак, множацца нараканні на адсталасць узбраенняў.

Так, расійскі шавіністычны тэлеграм-канал «Военный осведомітель» піша: «Сацсеткі поўныя відэаролікаў, на якіх Узброеныя сілы Украіны перасоўваюцца вялізнымі калонамі па дарогах агульнага карыстання. Чаму? Таму што няма ад каго хаваць свае перамяшчэнні: Узброеныя сілы РФ маюць катастрафічны дэфіцыт як разведвальных БПЛА, так і высокадакладнага ўзбраення. У выпадку з першым гэта жахлівы недахоп БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, такіх, як «Арыён» або «Фарпост», якія дазвалялі б глядзець у тылы ўкраінскіх вайскоўцаў і наводзіць высокадакладнае ўзбраенне, аднак тут усплывае іншая праблема — недахоп карэктаваных бомбаў і ракет у расійскай авіяцыі, якая на гэты момант не можа паражаць такія чароды тэхнікі без рызыкі для пілотаў, ФАБамі такія цэлі не знішчыць».

Клас
114
Панылы сорам
3
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
7