Вось ужо больш чым два гады Белстат не абнаўляе даныя па нараджальнасці і смяротнасці беларусаў. Так супала, што публікаваць гэтую статыстыку перасталі ў перыяд пандэміі каранавіруса, калі беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, адмаўлялі сур'ёзны ўплыў COVID-19, а да статыстычных даных Міністэрства аховы здароўя ў беларусаў было нямала пытанняў.

6 верасня ў Белстаце паведамілі, што інфармацыя па нараджальнасці і смяротнасці не падлічаная да гэтага часу.

— Яшчэ даных няма. Пакуль мы не можам сказаць, калі іх можна чакаць. Як толькі [яны будуць гатовыя], інфармацыя адразу з'явіцца на сайце, — адказалі ў Белстаце.

— Гэта неяк звязана з пандэміяй?.

— Не. Даныя яшчэ знаходзяцца ў працэсе апрацоўкі, — адказалі ў арганізацыі.

Нагадаем, Белстат не публікуе даныя аб нараджальнасці і смяротнасці ў Беларусі з мая 2020 года. Гэта значыць, самыя свежыя даныя па гэтых паказчыках грамадскасці вядомыя толькі за 2019 год.

Улетку 2020 года са статыстыкі ААН вынікала, што ў Беларусі смяротнасць па выніках першага паўгоддзя пабіла пяцігадовы рэкорд. Памерлых налічвалася 66,9 тысячы, хоць на працягу папярэдніх гадоў гэты паказчык не перавышаў 62,5 тысячы. А ў чэрвені 2020-га колькасць смерцяў на 3753 выпадкі перавысіла паказчык за той жа месяц 2019 года. Адразу пасля таго, як медыя апублікавалі гэтую інфармацыю, у базе даных ААН яе перасталі абнаўляць. Гэта можа сведчыць пра тое, што Беларусь больш не падавала арганізацыі гэтыя звесткі.

У лістападзе 2020 года ў Белстаце тлумачылі, што статыстыку да таго часу не апублікавалі, таму што «СААЗ пакуль яшчэ не распрацавала адзіную метадалогію ўліку колькасці памерлых ад наступстваў, звязаных з пандэміяй COVID-19».

Праз больш чым год пасля адсутнасці даных па смяротнасці ў статыстычным камітэце адказвалі, што даныя ўсё яшчэ знаходзяцца «ў працэсе распрацоўкі» і не ведалі, калі гэтая інфармацыя будзе гатовая да публікацыі.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
7