«Нам трэба разабрацца: ці яны грамадзяне Беларусі, ці яны проста аблудныя, проста ўзялі гэтую карту нібыта выпадкова, ці ў іх іншая «арыентацыя». Думаю, у органаў унутраных спраў і дыпламатычнай службы ёсць і іншыя пытанні ў сферы грамадзянства, якія выклікаюць занепакоенасць», — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў далажыў аб шэрагу прапаноў у законапраект. Адна з іх заключаецца ў замацаванні магчымасці абмежавання правоў і свабод грамадзян Беларусі, якія маюць іншае грамадзянства, у выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і заканадаўчымі актамі. Чалавек, які атрымаў «карту паляка» ці ВНЖ, абавязаны будзе інфармаваць пра гэта кампетэнтныя органы.

«Прадугледжваецца магчымасць страты асобай, якая знаходзіцца па-за межамі Беларусі, беларускага грамадзянства, набытага ў тым ліку і па нараджэнні, пры наяўнасці прысуду суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу, які пацвярджае ўдзел такой асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычынення ёй цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь згодна з пералікам артыкулаў, якія будуць выкладзеныя ў законе. Прапануецца, што такое рашэнне будзе прымацца кіраўніком дзяржавы па прапанове Камісіі па пытаннях грамадзянства.

У далейшым у дачыненні да экстрэміста, які страціў грамадзянства Беларусі, прапануецца прымаць рашэнне аб забароне ўезду ў краіну на тэрмін да 30 гадоў. Таксама МУС разлічвае на прафілактычны эфект гэтай заканадаўчай ініцыятывы», — распавёў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
7
Ха-ха
17
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
17