Чаму амаль не купляюць новыя аўто?

За апошні месяц лета дылеры па ўсёй краіне прадалі ўсяго 542 аўто, што на 2834 менш, чым летась. Шматразовае скарачэнне ў першую чаргу адбываецца за кошт таго, што фактычна няма чаго прадаваць. І калі на сайтах дылераў ёсць інфармацыя, што ў наяўнасці маюцца некалькі варыянтаў, то на практыцы нярэдка высвятляецца, што прыйсці ў салон сёння і з'ехаць адтуль на новай машыне — задача не з простых.

Адсутнасць аўто ў дылераў тлумачыцца тым, што больш за 80% тэхнікі, якую прадавалі ў Беларусі, выраблялася ў РФ, дзе праз санкцыі амаль спынілася вытворчасць аўтамабіляў. Праблемы з вытворчасцю праз недахоп кампанентаў назіраюцца і на «БелДжы». Прычына ўсё тая ж — санкцыі. 

Іншая праблема — цэны на аўтамабілі. Машыны, якія ёсць у наяўнасці ці прапануюцца на замову, каштуюць нашмат даражэй, чым гэта было да вайны. Праз гэта попыт на іх невялікі, але з улікам таго, што новых паставак амаль няма, дылеры не думаюць рабіць зніжкі, бо не бачаць у гэтым ніякага сэнсу. 

Тым не менш, у Беларусі не назіраецца дэфіцыту аўтамабіляў. У краіну штодзённа прыязджаюць сотні машын з Еўропы і ЗША. У большасці сваёй гэта патрыманыя аўто, але і ўвоз новай тэхнікі носіць далёка не адзінкавы характар. 

Ад беларускага перагоншчыка да дылера ў РФ 

Імпартам новых аўто ў краіну цяпер займаюцца не толькі афіцыйныя дылеры, але і кампаніі, якія раней працавалі толькі з «бэушкай», і нават прыватныя перагоншчыкі. Як паведамілі крыніцы «Нашай Нівы», увоз новых аўто шэрымі імпарцёрамі толькі пачынае набіраць абароты. Прычым адбываецца гэта ў тым ліку з выкарыстаннем ільготнікаў, якія падпадаюць пад дзеянне 140-га ўказа

Стаўкі мыту на новыя аўто складаюць 48% ад кошту — увоз іх у краіну з выкарыстаннем шматдзетных або інвалідаў дазваляе паменшыць гэтую лічбу да 24%. Такім чынам, шэрыя імпарцёры эканомяць дзесяткі тысяч даляраў. Суразмоўца сцвярджае, што значная частка такіх машын пасля мытнай ачысткі ў Беларусі адразу накіроўваецца ў РФ.

«Частка новых аўто, прывезеных праз «беларускую» схему, у выніку не проста едзе да прыватнага пакупніка з Расіі, але і аказваецца ў аўтасалонах маскоўскіх і піцерскіх дылераў», — запэўнівае суразмоўца. 

Новыя аўто з Еўропы, якія прадаюць фізічныя асобы, можна адшукаць і на папулярных беларускіх сайтах. 

Некаторыя прадаўцы адразу пазначаюць, што гатовы даставіць машыну ў РФ, а таксама дапамагчы з рэгістрацыяй на тэрыторыі Расіі.

У гэтай справе важны нюанс — ніводзін дылер у ЕС цяпер не прадасць аўто наўпрост у Беларусь ці Расію, тым больш з магчымасцю купіць яго па цане нета (без ПДВ).

З-за гэтага беларускім аўтабізнэсменам даводзіцца пракручваць гэтыя машыны праз еўрапейскія фірмы-пракладкі — тыя спачатку набываюць новы аўтамабіль у дылера на сваю фірму, а ўжо потым перапрадаюць яго на экспарт.

Дэфіцыт ільготнікаў і перапродаж даверанасцяў

Са значным павелічэннем попыту на новыя і патрыманыя аўто з боку расіян у Беларусі ўжо адчуваецца недахоп ільготнікаў, на якіх можна зарэгістраваць аўто без асаблівай рызыкі для абодвух бакоў, адзначае суразмоўца. 

«Для таго каб без прыгод у будучыні прывезці дарагія, а тым больш новыя аўтамабілі, патрэбныя заможныя льготнікі, чые афіцыйныя заробкі дазваляюць ім набыць машыны за 50-100 тысяч еўра. Такія людзі ёсць, але іх не так шмат. Таму цяпер некаторыя аўтабізнэсмены ідуць на падман ільготніка.

Нярэдка на словах яны кажуць, што трэба будзе размытніць аўтамабіль коштам 10-15 тысяч еўра, а на справе прывозяць па даверанасці новы аўтамабіль за 50-100 тысяч. У выніку такі шэры імпарцёр заробіць дзесяткі тысяч даляраў, а даверлівы льготнік потым будзе мець праблемы з падатковай», — адзначае суразмоўца.

Па ягоных словах, перапродаж даверанасцяў ад ільготнікаў — асобны від бізнэсу. Звычайна льготнікаў шукаюць у адмысловых чатах у тэлеграм ці суполках у ВК.

Некаторыя гандляры льготнай размытнёўкай нават не прыхоўваюць таго факта, што з'яўляюцца пасярэднікамі. Ганарацца вялікай колькасцю ўдалых здзелак і акцэнтуюць увагу на тым, што льготнікаў у іх столькі, што няма куды падзець.

Па гарантыю адпраўляюць у Вільню або Варшаву

Але санкцыі дадалі праблем не толькі з пастаўкамі новых аўто. Ёсць яшчэ пытанне гарантыйных абавязкаў, якія беларускія прадаўцы часцяком не ў сілах выканаць. І гэта не залежыць ад таго, набудзеце вы новы аўтамабіль у афіцыйнага дылера ці фізічнай асобы, якая імпартавала яго з ЕС. Бо ў большасці выпадкаў аўтавытворцы даюць сусветную гарантыю.

Праблемы з выкананнем гарантыйных абавязкаў узніклі праз забарону імпарту ў Беларусь і РФ тавараў падвойнага прызначэння, у спіс якіх пападае шэраг аўтамабільных запчастак.

Як патлумачылі прадстаўнікі дылераў, без праблем у Беларусі можна разлічваць толькі на планавае тэхабслугоўванне ці вырашэнне іншых дробных праблем, не звязаных з электронікай. Пад санкцыі трапілі не толькі нейкія блокі, а нават элементы асвятлення і некаторыя іншыя дэталі кузава. 

У прыватнай размове прадстаўнікі дылераў прызнаюцца, што праз санкцыі яны фактычна згубілі магчымасць выконваць гарантыйныя абавязкі. Гэта тычыцца ўсіх аўто, што знаходзяцца на гарантыі, якая звычайна складае 2-3 гады. 

Людзям, якія сутыкнуліся з праблемамі пры абслугоўванні ці гарантыйным рамонце аўто, беларускія дылеры прапануюць ехаць у Вільню ці Варшаву. Прычым вырашаць усе праблемы ўласнікам гарантыйных аўто давядзецца самастойна. Беларускія дылеры не аказваюць дапамогу ў супрацы са сваімі замежнымі калегамі, таму ўсе выдаткі і клопаты — на ўласніку машыны, незалежна ад таго, набыў ён яе ў афіцыйнага дылера ў Мінску ці з рук у шэрага імпарцёра.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру