Пол Кругман (леваруч) і Чарлі Строс. Фота: Cory Doctorow/flickr.com

Пол Кругман (леваруч) і Чарлі Строс. Фота: Cory Doctorow/flickr.com

На працягу многіх гадоў лаўрэат Нобелеўскай прэміі, эканаміст і аглядальнік New York Times крытыкаваў крыптаіндустрыю за тое, што яна дае магчымасці злачынцам, ускладняе транзакцыі, уплывае на ўнушальных людзей і працуе як фінансавая піраміда.

Вось дванаццаць найлепшых цытат Кругмана пра крыптавалюты за апошняе дзесяцігоддзе:

1. «Людзі думаюць, што гэта разумна, і нават ультрасучасна, стварыць нешта кшталту віртуальнай валюты, стварэнне якой патрабуе марнавання рэальных рэсурсаў такім спосабам, які Адам Сміт палічыў дурным і састарэлым у 1776 годзе». («Адам Сміт ненавідзіць біткоін») (12 красавіка 2013 года)

2. «Каб быць паспяховымі, грошы павінны быць адначасова сродкам абмену і досыць стабільным сховішчам вартасці. І застаецца зусім незразумелым, чаму біткоін павінен быць стабільным сховішчам вартасці». («Біткоін — гэта зло») (28 снежня 2013 года)

3. «Энтузіязм з нагоды крыптавалютаў здаецца вельмі дзіўным, бо ён ідзе проста процілегла доўгатэрміновай тэндэнцыі. Замест практычна бесперашкодных транзакцыяў мы маем высокія выдаткі вядзення бізнэсу, бо перавод біткоіна або іншай крыптавалюты патрабуе апрацоўкі поўнай гісторыі мінулых транзакцый. Замест грошай, створаных адным клікам мышы, мы маем грошы, якія трэба здабываць і ствараць з дапамогай рэсурсаёмістых вылічэнняў». («Транзакцыйныя выдаткі і прывязкі: чаму я крыптаскептык») (31 ліпеня 2018 года)

4. «У крыптавалют няма ніякай падтрымкі, ніякай прывязкі да рэальнасці. Іх кошт цалкам залежыць ад самарэалізуемых чаканняў, а гэта значыць, што поўны крах з'яўляецца рэальнай магчымасцю. Калі б спекулянты адчулі калектыўны сумнеў, раптам спалохаўшыся, што біткоіны нічога не вартыя, што ж, біткоіны сталі б нічога не вартыя». («Транзакцыйныя выдаткі і прывязкі: чаму я крыптаскептык») (31 ліпеня 2018 года)

5. «Магчыма, існуе патэнцыйная раўнавага, пры якой біткоін (хоць амаль напэўна гэта не датычыцца іншых крыптавалют) застаецца ў выкарыстанні ў асноўным для транзакцый на «чорным» рынку і ўхілення ад падаткаў. Але да гэтай раўнавагі, калі яна існуе, будзе цяжка дайсці: як толькі мара пра блакчэйн-будучыню памрэ, расчараванне, імаверна, абрыне ўсю справу».(«Транзакцыйныя выдаткі і прывязкі: чаму я крыптаскептык») (31 ліпеня 2018 года)

6. «Крыптавалюту эфектыўна рэкламуюць: у ёй атрымліваецца прыцягваць футурыстаў і граць на страхах рэтраградных «Скруджаў Макдакаў» пра тое, што ўрад спаліць вашы зберажэнні, а некалі велізарныя даходы прыцягнулі інвестараў, якія турбуюцца пра тое, што яны прапусцяць выгаду. Такім чынам, крыптавалюты сталі буйным класам актываў, хоць ніхто не можа ўцямна патлумачыць, для якой законнай мэты яны патрэбныя». («Як крыптавалюты сталі новай іпатэкай») (27 студзеня 2022 года)

7. «Я бачу нязручныя паралелі з крызісам крэдытавання нулявых гадоў (у ЗША). Не, крыптавалюты не пагражаюць фінансавай сістэме — іх вартасць недастаткова вялікая для гэтага. Але з'яўляецца ўсё больш доказаў таго, што рызыкі крыптавалют непрапарцыйна высокія для людзей, якія не ведаюць, у што яны ўвязваюцца, і дрэнна падрыхтаваныя да таго, каб справіцца з негатыўнымі наступствамі». («Як крыптавалюты сталі новай іпатэкай») (27 студзеня 2022 года)

8. «Біткоін гуляе на фантазіі пра самадастатковы індывідуалізм, пра абарону сваёй сям'і з дапамогай вінтоўкі, лячэнне кавіда антыпаразітарным прэпаратам або мачой і кіраванні сваімі фінансавымі справамі з дапамогай створаных прыватна грошай, незаплямленых такімі інстытутамі, як урады ці банкі». («Зброя, мікробы, біткоін і антысацыяльныя правыя») (31 студзеня 2022 года)

9. «Крыптавалюты не адыгрываюць амаль ніякай ролі ў эканамічных аперацыях, акрамя спекуляцый на саміх крыптавалютных рынках. І калі ваш адказ — «дайце яму час», вам варта памятаць, што біткоін існуе з 2009 года, што робіць яго старажытным па тэхналагічных стандартах. Apple прадставіла iPad у 2010 годзе». («Знішчэнне крыптавалютаў: гэтым разам па-іншаму?») (17 траўня 2022 года)

10. «Калі вы, як і я, верыце, што крыптавалюты — гэта амаль што піраміда, то, магчыма, цяпер акурат той момант, калі скончыліся дурні, гатовыя ў яе ўкладацца». («Мудрагеліста: ці не мусіў быць біткоін абаронай ад інфляцыі?») (17 чэрвеня 2022 года)

11. «Джым Чанас назваў крыптавалюту «сметнікам для драпежнікаў». Я б не стаў заходзіць так далёка. Але ўвогуле, калі троху падумаць, то ён мае рацыю». («Мудрагеліста: ці не мусіў быць біткоін абаронай ад інфляцыі?») (17 чэрвеня 2022 года)

12. «З майго пункту гледжання, крыптавалюты ператварыліся ў свайго кшталту постмадэрнісцкую фінансавую піраміду. Індустрыя заваблівала інвестараў спалучэннем тэхнагрошай і лібертарыянскай лухты. Яна выкарыстала частку гэтай грашовай плыні, каб купіць ілюзію рэспектабельнасці, што прыцягнула яшчэ больш інвестараў. І на нейкі час, нават нягледзячы на множанне рызыкаў, крыптавалюта стала, па сутнасці, занадта вялікай, каб яе рэгуляваць». («Крыптавалюты падаюць. Дзе ж былі рэгулятары?») (11 ліпеня 2022 года)

Чытайце яшчэ:

100 мільярдаў даляраў рэзерваў Расіі апынуліся ў кітайскім «капкане»

Бацька сфатаграфаваў геніталіі сына па просьбе доктара. Гэта скончылася для яго кашмарам

Праграмы для адсочвання менструальных цыклаў могуць прадаваць вашы даныя і нават перадаць іх сілавікам

Клас
34
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
4