Згадаўшы пра сённяшні жорсткі прысуд па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» і хапун пасля яго, Ціханоўская адзначыла: 

«Пры гэтым рэжым гаворыць пра магчымыя амністыі, адначасова з гэтым набіраючы новых закладнікаў для гандлю і абмяркоўваючы планы па пазбаўленні беларусаў грамадзянства, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі.

Мы шчаслівыя кожнаму, хто выходзіць на волю. Але не будзем дзякаваць тым, хто сам зладзіў пекла для людзей — і потым вырашыў яго спыніць.

Тое, што людзі незалежна ад сваіх палітычных меркаванняў знаходзяцца на волі, павінна быць нормай, а не «падарункам».

Мы не забудзем, што рэжым пачынае размовы пра амністыі толькі тады, калі спрабуе гандлявацца закладнікамі дзеля зняцця санкцый. Мы не дазволім гэтага зрабіць. Мы ведаем сапраўдны твар гэтай сістэмы».

Ціханоўская згадала пра тое, што рэжым ужо забірае ў арыштаваных маёмасць і прадае яе праз крамы канфіскатаў. Гэты лёс ужо, паводле яе, напаткаў яе з мужам кватэру ў Мінску:

«Нашу з Сяргеем Ціханоўскім мінскую кватэру арыштавалі. У ёй апісалі ўсё — аж да акварэльных фарбаў дзяцей, каб прадаць і сабраць грошай у казну».

У гомельскай сетцы крамаў канфіскату «Ваш выбар», якая належыць Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі, як сцвярджае Ціханоўская, цяпер прадаюць тэхніку, з якой 29 мая 2020 года затрымалі Сяргея.

Заклікаўшы беларусаў нічога ў такіх крамах не набываць і дапамагаць сем'ям палітвязняў, напрыканцы Ціханоўская яшчэ раз падкрэсліла:

«Мы будзем шчаслівыя кожнаму зняволенаму па палітычных матывах, які выйдзе на волю. Але выйсці павінны абсалютна ўсё».

Клас
40
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
1