Украінскі вайсковец робіць сэлфі на фоне гарматы. Данецкі фронт, 3 верасня. AP Photo / Kostiantyn Liberov

Украінскі вайсковец робіць сэлфі на фоне гарматы. Данецкі фронт, 3 верасня. AP Photo / Kostiantyn Liberov

«Паўночную дарогу на Купянск ўкраінцам удалося як мінімум узяць пад агнявы кантроль. Ноччу ішлі баі каля Волхавага Яра і цалкам дапускаю, што саперніку ўдалося выбіць нас з яго. Балаклея ў аператыўным акружэнні, ВСУ будуць працягваць развіваць поспех і, цалкам імаверна, што яны паспрабуюць выйсці да Купянска, адрэзаўшы і Балаклею, і Ізюм. Сілы ў іх на гэта ёсць, — піша расійскі шавіністычны тэлеграм-канал «Старше Эдды». — Пабачым, чым адкажа расійскі Генштаб і які ўзровень аператыўнага мастацтва ён прадэманструе», — з амаль непрыхаванай крытыкай дадае ён.

Балаклея — горад з насельніцтвам 27 тысяч чалавек паміж Харкавам і Ізюмам на поўдні Харкаўскай вобласці. Гэта важны транспартны вузел, у ім месцяцца буйныя савецкія арсеналы ўзбраенняў, настолькі вялізныя, што ані ўкраінцы не паспелі іх цалкам эвакуяваць да прыходу расіян, ані расіяне не паспелі іх выкарыстаць. Горад быў заняты расійскімі войскамі 3 сакавіка, на 8-ы дзень вайны. Ад Балаклеі да Харкава прыкладна 80 кіламетраў, столькі ж да расійскай мяжы.

Мяркуючы па допісах расійскіх блогераў, у тым ліку франтавых, украінская армія моцным танкавым ударам прарвала ўсе лініі абароны на поўнач ад Балаклеі і выйшла ў тылы расійскай групоўкі, кулак якой знаходзіцца пад Ізюмам і, у выпадку ўзяцця Купянска, апынецца адрэзаны. Гэта, у сваю чаргу, здыме пагрозу са Славянска і Краматорска. 

Расійскія рэсурсы ўчора як па камандзе распаўсюджвалі пост: «Ніякай панікі няма. У Балаклеі стаялі мабілізаваныя». Маюцца на ўвазе прымусова мабілізаваныя жыхары акупаваных Данецкай і Луганскай абласцей, якія не маюць ахвоты ваяваць.

Сэнс быў такі: у Балаклеі стаялі слабыя сілы, але з падыходам ударных частак расійскай арміі сітуацыю ўдасца выправіць.

Бліжэй да вечара пасланне змянілася. «Без панікі. У страты Балаклеі трагедыі не будзе», — напісаў расійскі «Палітнавігатар».

Наступ украінскіх войскаў пад Балаклеяй паказвае, што ўдары ўкраінскіх войскаў пад Херсонам маглі мець на мэце адцягванне ўвагі праціўніка.

У кожным разе, ініцыятыва на фронце перайшла да ўкраінскага боку.

Клас
154
Панылы сорам
3
Ха-ха
10
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
8