Калаж: velobrooklyn.com
Прэм'ер-міністарка Ліз Трас прызначыла міністрам фінансаў Вялікабрытаніі Квасі Квартэнга, бацькі якога прыехалі з Ганы ў 1960-х гадах.
Джэймс Клеверлі стаў першым чарнаскурым міністрам замежных спраў. Маці новага кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі родам са Сьера-Леонэ, а бацька — белы. Клеверлі раней казаў пра тое, што з яго здзекаваліся, калі ён быў дзіцём.
Міністрам унутраных спраў стала Суэла Браверман, чые бацькі прыехалі ў Вялікабрытанію з Кеніі і Маўрыкія 60 гадоў таму.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў брытанскі ўрад складаўся ў асноўным з белых мужчын. Толькі 20 гадоў таму, у 2002 годзе, чарнаскуры брытанец стаў членам Кабінета міністраў — Пол Баатэнг быў прызначаны галоўным сакратаром казначэйства.
«Тэмп задае палітыка. Цяпер мы ставімся да гэтай разнастайнасці як да нармальнай з'явы», — пракаментаваў сітуацыю Сандэр Катвала, дырэктар незалежнага аналітычнага цэнтра British Future, які займаецца пытаннямі міграцыі і ідэнтычнасці. Пры гэтым ён прызнаў, што «тэмп зменаў — незвычайна хуткі».





