Справу разглядада суддзя Вера Філонік. Іну Можчанка абвінавачвалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і частка 1 артыкула 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці).

Пра Іну Можчанка вядома, што яна ўваходзіць у праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі і да затрымання ў верасні 2021 года працавала ў БелТА, дзе займала пасаду начальніка сектара працы з электроннай інфармацыяй аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнет-рэсурсаў.

Разам з тым, Іна Можчанка актыўна вяла сацыяльныя сеткі, дзе ў тым ліку пакідала пратэсныя каментарыі і іранізавала над музыкамі, якія выступаюць у савецкай ваеннай форме.

Падставай для затрымання Іны Можчанка з’явіліся падзеі 28 верасня 2021 года, звязаныя са справай «Андрэя Зельцэра». На гэтую гісторыю Можчанка адрэагавала допісамі ў сацыяльных сетках і ўжо 29 верасня да яе прыйшлі сілавікі. З таго часу жанчына сядзіць за кратамі і там сустрэла свой 45-ы дзень нараджэння.

Ад людзей, якія трапілі на судовы працэс у Брэсце, стала вядома, што падчас пасяджэння Іна Можчанка распавяла, у якіх умовах знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна. Яна пяць сутак правяла ў 2-меснай камеры, дзе знаходзілася 16 чалавек. Пасля жанчыну павезлі ў Жодзіна, дзе ў следчым ізалятары зладзілі, па словах Іны, «выхаваўчы каранцін».

У прыватнасці, паўтара месяца ў 8-мясцовай камеры знаходзілася 14 чалавек. Перадачы не дазваляліся, з-за чаго даводзілася выпрошваць у супрацоўнікаў туалетную паперу і пракладкі.

Пасля «каранцін» знялі і ўмовы крыху палепшыліся, аднак да моманту суда ў жанчыны ўсё роўна з'явіліся адчувальныя праблемы са здароўем.

Дагэтуль незразумела, чаму справу Іны Можчанкі разглядалі менавіта ў Брэсце, куды жанчыну прывезлі з жодзінскага ізалятара, а не ў Мінску (дзе яна жыла і працавала).

Паводле абвінавачвання, якое ў судзе прадстаўляў пракурор Аляксандр Бацюшка, вынікала, што Іна Можчанка пакідала публічныя каментарыі ў перыяд з 9 жніўня 2020 года па 28 верасня 2021 года пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, пра яго маці і ў цэлым пра супрацоўнікаў КДБ. У некаторых каментарыях, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, былі прыкметы абразы, а ў іншых угледзелі прыкметы наўмыснага распальвання варожасці ў дачыненні да праваахоўнікаў.

Аднак, як заўважаюць праваабаронцы, у судова-лінвістычнай экспертызе, далучанай да справы, згадваліся толькі паведамленні Іны Можчанкі, што былі напісаныя 29 верасня 2021 года. Пракурору давялося на стадыі судовых спрэчак карэктаваць абвінавачанне: канчаткова жанчыну абвінавацілі толькі за «абразлівыя і распальваючыя варожасць» паведамленні менавіта 29 верасня 2021 года.

Якія менавіта допісы былі абразлівыя — дакладна не вядома, бо на судзе яны цалкам не агучваліся. Разам з тым, з праведзенай у рамках справы судовай экспертызы вынікае, што аўтарка допісаў спрычынілася да «фармавання негатыўнага стэрэатыпу ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Але пракурор Бацюшка ў канчатковым абвінавачанні трактаваў паведамленні куды шырэй. Паводле яго словаў, Іна Можчанка мела на ўвазе і ўхваленне ўчынку Андрэя Зельцэра, і «падбухторвала да гвалтоўных дзеянняў над праваахоўнікамі». Такім чынам, па меркаванні пракурора, ёсць склад злачынства па артыкуле аб распальванні варожасці.

У выніку 7 верасня 2022 года суддзя Вера Філонік агучыла менавіта тое пакаранне для Іны Можчанкі, пра якое прасіў пракурор Аляксандр Бацюшка: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
30