Яго абвінавацілі адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
— ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
— арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады);
— ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта);
— ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).
Справу разглядаў суддзя Алег Харошка.
Алег Канавалаў, уладальнік ютуб-канала «Третий регион Беларусь», быў затрыманы 10 студзеня 2022 года, калі вярнуўся ў Беларусь на святы.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну працягваў «размяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага кшталту, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады». Мужчына загружаў на свой канал відэа з акцый салідарнасці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну ставяць «цынічныя каментарыі» пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.
У канцы лютага 2022 года ён на сем сутак быў змешчаны ў СІЗА №3 у карцар.
У выніку суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях», а таксама ў публічнай абразе Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці.
У выніку яго асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, аштрафавалі на 3200 рублёў, а таксама прысудзілі кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў.





