Цяпер расійскія ўлады абмяркоўваюць, як даць беларускім НПЗ дэмпфер, бо без гэтых выплат пастаўкі ў РФ будуць для іх стратнымі. Калі дэмпфер распаўсюдзіцца на ўвесь аб'ём ранейшага экспарту Беларусі ва Украіну, аб'ём падтрымкі можа скласці больш за 60 млрд расійскіх рублёў за год.

Мінэнерга і Мінфін РФ актыўна абмяркоўваюць імпарт бензіну і дызпаліва з Беларусі, распавядаюць некалькі крыніц «Коммерсанта» ў галіне. Па словах дзвюх крыніц выдання, Расія вырашыла пашырыць пастаўкі з Беларусі ва ўмовах праблем беларускіх НПЗ са збытам, якія абвастрыліся пасля спынення экспарту паліва ва Украіну на фоне вядзення РФ баявых дзеянняў у гэтай краіне.

Галоўная мэта мер — падтрымка беларускай нафтаперапрацоўкі і даходаў бюджэту краіны ва ўмовах санкцый, кажуць крыніцы «Коммерсанта». Паводле звестак Argus, Беларусь забяспечвала 45% сукупнага імпарту бензіну на Украіну і 37% імпарту дызпаліва — 1,04 млн тон і 2,97 млн тон адпаведна.

Праблема складаецца ў тым, што расійскія НПЗ атрымліваюць істотныя субсідыі за пастаўкі паліва на ўнутраны рынак — так званы дэмпфер, а беларускія НПЗ цяпер не маюць права яго атрымаць.

Пастаўкі ў РФ без дэмпфера будуць для беларускіх НПЗ стратныя, таму цяпер такія аперацыі амаль не праводзяцца.

Расійскія ўлады ў гэты момант абмяркоўваюць, як можна было б выплачваць дэмпфер беларускім заводам, пакуль пастановы няма. У Мінэнерга Беларусі пераадрасавалі пытанні ў «Белнафтахім», дзе ад каментарыяў адмовіліся. У Мінфіне РФ паступілі гэтак жа. У Мінэнерга не адказалі.

Па словах аднаго з суразмоўцаў «Коммерсанта», Мінфін можа падрыхтаваць змены ў Падатковы кодэкс, не ўдакладняючы, які механізм выплат будзе выкарыстаны. На думку суразмоўцаў «Коммерсанта», можа быць вывучаны варыянт атрымання дэмпфера Беларуссю з дапамогай трэйдынгавых кампаній, зарэгістраваных у РФ. Цяпер «Белнафтахім» пастаўляе прадукцыю ў РФ праз расійскае ТАА «Белнафтахім-РОС». Але, на думку юрыстаў, магчымыя розныя варыянты.

Так, кіраўнік дырэкцыі юрфірмы Vegas Lex Кірыл Нікіцін лічыць больш верагодным заключэнне міждзяржаўнага пагаднення з Беларуссю альбо прыняцце адпаведных нарматыўна-прававых актаў на ўзроўні прэзідэнта або ўрада. Ён нагадвае, што раней паміж Масквой і Мінскам было дасягнутае пагадненне аб кампенсацыі беларускаму боку страт у сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай галіне РФ за кошт зніжэння прэмій да кошту нафты, якую пастаўлялі ў Беларусь расійскія нафтакампаніі.

У апошнія гады пастаўкі паліва ў Расію з Беларусі былі мінімальныя.

Выключэнне склаў толькі 2020 год, адзначае Марыя Ар'е з «Петрамаркета»: тады ў Расіі дэмпфер прымаў адмоўныя значэнні (нафтакампаніі павінны былі плаціць у бюджэт), але беларускіх НПЗ гэта не тычылася, што дазволіла ім у 20 разоў нарасціць экспарт бензіну ў Расію (да 152,1 тыс.тон) і аднавіць пастаўкі дызпаліва (179,4 тыс. тон).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру