Якія змены ўжо адчулі на сабе ІП?

Значна павышаць падатковую нагрузку на ІП і самазанятых пачалі з 1 студзеня бягучага года. Тады стаўкі адзінага падатку ў залежнасці ад відаў дзейнасці выраслі ў 2-4 разы, таксама з 5 да 6% паднялі стаўку падатка пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (далей ССП). Але многіх ІП пазбавілі магчымасці працаваць па ССП. Таму большасць з тых, хто да 2022 меў магчымасць плаціць падаткі ў памеры 5% ад абароту, былі вымушаны перайсці на падаходны падатак са стаўкай 16%.

Гэтыя захады прывялі да таго, што ў 2022 годзе заўважна павялічыліся паступленні ў бюджэт ад ІП. Пасля ўвядзення зменаў некаторыя катэгорыі прадпрымальнікаў павялічылі выдаткі на падаткі ў 2,6 раза! Заўважна, што павялічэнне адлічэнняў у бюджэт адбывалася на фоне скарачэння агульнай колькасці прадпрымальнікаў. Сам Лукашэнка не хавае, што галоўная мэта — не развіццё і падтрымка малога бізнэсу, а ўзмацненне кантролю і павялічэнне паступленняў у бюджэт ад ІП.

Што будзе далей?

Нягледзячы на тое, што колькасць прадпрымальнікаў у краіне працягвае скарачацца, улады збіраюцца і далей трымаць курс на павялічэнне падатковай нагрузкі.

Так, ужо з 1 студзеня 2023 года будзе поўная забарона на выкарыстанне ССП для ІП. Паралельна з гэтым, улады плануюць павялічыць стаўку падаходнага падатку з 16 да 20%. А з 2024 года — з 20 да 25%. Таксама плануюць скараціць пералік відаў дзейнасці з адзіным падаткам, а ягоныя стаўкі павялічыць ў паўтара-тры разы (хаця толькі ў пачатку гэтага года іх істотна паднялі).

Добраахвотна-прымусовая трансфармацыя ў юрыдычную асобу

Іншая заява Лукашэнкі з нарады, якая выклікае апасенні, — стварэнне прадпрымальнікам стымулу да трансфармацыі ў юрыдычную асобу. Але па ўласным жаданні мала хто з прадпрымальнікаў захоча пераўтварацца ў юрыдычную асобу, нават з улікам таго, што арганізацыям дазволена надалей працаваць па ССП. 

Рэч у тым, што адкрыццё юрыдычнай асобы (часцей за ўсё ў выглядзе ТАА), нясе за сабой шэраг дадатковых нагрузак, якія могуць аказацца не па сілах для большасці ІП. 

Для адкрыцця юрыдычнай асобы трэба мець устаўны фонд, статут арганізацыі, а таксама юрыдычны адрас, дырэктара і бухгалтара. Прычым калі дырэктарам арганізацыі можа быць яе заснавальнік, то бухгалтарам мусіць быць асобны чалавек. 

Вынікае, што ў выпадку трансфармацыі бізнэсу з ІП у ТАА у прадпрымальніка ўзнікае шэраг новых выдаткаў, такіх, як арэнда офіса (без дамовы арэнды вам не зарэгіструюць фірму), зарплата бухгалтару і не толькі.

Натуральна, што ў юрыдычнай асобы больш складаны дакументазварот і падатковая нагрузка. Бухгалтары кажуць, што нават з улікам таго, што ў юрасоб застаецца магчымасць працаваць па ССП і плаціць пдатак у памеры 6% ад абароту, у выніку падатковая нагрузка складае каля 20%. 

«Усе грошы, якія ёсць на рахунку ў ІП, можна без праблем і дадатковых выдаткаў перавесці на асабісты рахунак. У юрасоб такія функцыі недасяжныя. Грошы, якія застаюцца на рахунку арганізацыі, можна выводзіць толькі ў якасці дывідэнтаў. Рабіць гэта можна раз у квартал, пры гэтым сплаціўшы 13% падаходнага падатку.

Таксама трэба не забываць, што ў юрасобы на рахунку заўжды мусяць заставацца пэўныя сродкі, таму забраць усе грошы пад нуль усё адно немагчыма», — каментуе бухгалтарка. 

Праз зарплату дырэктара бізнэсмен можа атрымліваць грошы штомесяц, не чакаючы наступнага квартала, але тут ёсць нюанс. Ад пералічанай сумы трэба адлічваць 35%, якія пойдуць у ФСАН.

Яшчэ адзін дадатковы «бонус» для юрасобы — прафсаюзы, у якія трэба адлічваць 1% ад зарплаты. Дробнаму бізнэсу даводзіцца далучацца да ўжо інснуючых прафсаюзных арганізацый, а больш буйным — ствараць уласную ячэйку. 

Апроч вышэй згаданых незручнасцяў, юрысты звяртаюць увагу на тое, што ў юрыдычных асоб больш адказнасці, вышэйшыя штрафы за парушэнні, а таксама больш працяглая і складаная працэдура ліквідацыі. 

Прадстаўнікі бізнэсу мяркуюць, што пад адміністрацыйнымі стымуламі для пераводу дробнага бізнэсу ў шэрагі юрыдычных асоб будуць хавацца забароны і абмежаванні для ІП.

«Верагодна, нас чакае нейкі спіс відаў дзейнасці, якімі можна будзе займацца толькі юрыдычным асобам, або ўлады забароняць ІП браць людзей на працу ці зменшаць максімальную колькасць наёмных супрацоўнікаў з трох да аднаго. Нешта падобнае ў нас ужо было, калі ІП мелі права браць на працу толькі блізкіх сваякоў.

У любым выпадку, не адзін прадпрымальнік, які мае дробны бізнэс і працуе адзін ці мае 1-3 супрацоўнікаў, па ўласным жаданні ніколі не стане адкрываць для гэтага ТАА. Бо ў большасці выпадкаў будзе прасцей закрыць справу ці сыйсці ў цень, чым працаваць як юрыдычная асоба, калі ў цябе нейкі дробны бізнэс», — мяркуе прадпрымальнік.

Не толькі павялічэнне падатковай нагрузкі

Павелічэнне падатковай нагрузкі і поўны бан на працу па ССП — не адзіныя новаўвядзенні, якія чакаюць ІП з 1 студзеня 2023 года. З наступнага года набываюць сілу змены ў заканадаўстве, згодна з якімі істотна скарачаецца спіс ІП, якія мелі льготы па адлічэнням у ФСАН. 

Раней плаціць адлічэнні ў ФСАН на доабраахвотнай аснове маглі, напрыклад, тыя ІП, якія паралельна працавалі на іншай працы, бо за іх унёскі рабіў наймальнік. З 2023 года такой магчымасці больш не будзе. Памер узносаў у ФСАН — 35% ад мінімальнай заработнай платы. Мінімальная сума за 2021 год склала 1705 рублёў.

У спісе льготнікаў застаюцца:

— пенсіянеры;

— студэнты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання;

— атрымальнікі дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Никогда такого не было и вот / Адказаць
12.09.2022
Очевидно это очередной удар по «свободной» прослойке общества в стране - бизнесу. Сначала всех вытолкнуть в тень, потом посадить на крючок и посеять ещё больший страх. Это классика. Но будем надеяться, что с нашей Национально-Освободительной Армией с этим оккупационные режимом будет покончено и страна начнёт жить нормально, а не как все эти годы
0
Што-што, нічога ! / Адказаць
12.09.2022
Нічога з дробным бізнэсам ня здарыцца. Пагаршэньне самаадчування адбудзецца ў буйнога бізнэса. Стан дробнага ў большай ступені залежыць ад пакупальніцкай здольнасьці насельніцтва. Вось гэтым пытаньнем і пераймайцеся, бо ў ім адказ на пытаньне.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру