Фота: БелТА

Фота: БелТА

У БДЭУ новы прарэктар па навуковай рабоце — кандыдат эканамічных навук, дацэнт Ягор Гусакоў змяніў на пасадзе доктара навук, прафесара Аляксея Быкава. Гусакову — 33 гады, ён сын старшыні НАН Уладзіміра Гусакова і таварыш міністра адукацыі Андрэя Іванца, чыім намеснікам ён быў у Радзе маладых навукоўцаў НАН.

У гэтым прызначэнні праглядаецца парушэнне прынятых акадэмічных нормаў.

«Універсітэты — гэта звычайна вельмі кансерватыўныя інстытуцыі. Ты маеш прыйсці на нізкую пасаду і з яе паступова расці. 

Такія пасады апроч адміністрацыйных дасягненняў патрабуюць і паспяховай навуковай работы, якая займае час (у тым ліку на аспірантуру, напрыклад), што замінае хуткаму прасоўванню па кар'ернай лесвіцы. 

Таму, звычайна, людзі прыходзяць да такіх пасадаў у даволі спелым узросце, маюць доўгі досвед работы загадчыкам кафедры, дэканам, а таксама салідны спіс навуковых публікацый і праектаў за плячыма, наяўнасць абароненых аспірантаў», — пракаментаваў прызначэнне новы калега Гусакова-малодшага. 

«Як навуковец ён пакуль што — пустое месца. У яго няма ніводнага аспіранта, які б абараніўся, не ўпэўнены, што яны ў яго ў прынцыпе былі. Ніякага навуковага рэйтынгу цытавання, напрыклад, у Google Scholar, у яго няма. У расійскім рэйтынгу навуковага цытавання яго профілю таксама няма, рэйтынгу ў Скопусе ў яго не існуе, тут больш каментаваць нічога і не трэба, па-мойму, — сказаў нам іншы член акадэмічнай супольнасці. —

А калі браць замежныя прыклады, прарэктараў па навуковай рабоце вядучых ВНУ Еўропы, то там прарэктар па навуковай рабоце — гэта навуковец, які не тое што з іменем, але які мае і сваю навуковую школу. Асабліва, калі мы гаворым пра эканамістаў. Напрыклад, Сяргей Гурыеў стаў прарэктарам па навуковай рабоце ў 50 гадоў». 

Сам Гусакоў-малодшы да таго ва ўніверсітэтах не працаваў — у 2011-м ён скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, потым аспірантуру і дактарантуру ў Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі, а потым узначаліў сектар кааперацыі ў гэтым інстытуце. 

Нейкіх выбітных работ Гусакоў не пісаў, у навуковых рэйтынгах цытавання нідзе не ўзгадваецца. 

Гугліцца яго кандыдацкая манаграфія «Навуковыя асновы і арганізацыйна-эканамічны механізм эфектыўнага функцыянавання кааператыўна-інтэграцыйных аб'яднанняў». 

Знаёмыя з творчасцю Гусакова скептычна ставяцца да яго кандыдацкай, бо не бачаць у ёй навуковых высноваў.

Клас
5
Панылы сорам
33
Ха-ха
48
Ого
8
Сумна
3
Абуральна
51