Пра гэта ў чацвер паведаміла чэшскае медыя Deník N. Інфармацыю аб выкрыцці супрацоўніка МЗС выданню пацвердзілі прэм'ер Чэхіі Пётр Фіала і міністр замежных спраў Ян Ліпаўскі. Міністр заявіў, што супрацоўнік быў звольнены, іншых падрабязнасцяў ён не прывёў.

У чэшскай контрразведцы — Службе інфармацыі і бяспекі (BIS) пацвердзілі, што ўжо некалькі гадоў таму высветлілі, што ў МЗС краіны ёсць крыніца інфармацыі для расійскіх спецслужбаў. Пасля супрацоўнік, які перадаваў сакрэты, быў выяўлены, за ім усталявалі сачэнне.

У першай палове гэтага года пра яго паведамілі кіраўніцтву краіны. Як сказала адна з крыніц, расійскія спецслужбы, прыцягваючы чыноўніка, «выкарыстоўвалі яго прагу да жанчын і грошай».

Па даных крыніц Deník N, супрацоўнік меў доступ да дакументаў пад грыфам «цалкам сакрэтна». Ён працаваў у Міністэрстве больш за 20 гадоў, як у цэнтральным апараце, так і за мяжой. Яго імя і пасада не называюцца. Таксама незразумела, ці можа ён быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, паколькі па чэшскім заканадаўстве, калі сачэнне вядуць толькі спецслужбы без удзелу паліцыі, сабраныя імі доказы нельга выкарыстоўваць у судзе.

Расійскае МЗС пакуль паведамленне не каментавала.

Клас
15
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4