Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

У сярэдзіне 2000-х Арцём Дубскі ўзначальваў суполку Маладога Фронту ў Асіповічах. Быў фігурантам гучнай справы «14-ці» — тады моладзевых актывістаў судзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Мінску. Нейкі час Дубскі жыў ва Украіне.

Пасля вяртання ў Беларусь трапіў у турму, а ў 2010-м зноў вярнуўся ва Украіну. Увосень у кватэры, дзе ён жыў, адбыўся вобшук. Украінскія сілавікі шукалі наркотыкі і зброю. У выніку Дубскага адпусцілі без выстаўлення абвінавачання. Пасля ў 2011-м ён з'ехаў жыць у Польшчу.

Днямі на БТ паказалі сюжэт, у якім расказалі, што Арцёма Дубскага «арыштавалі ў Польшчы за крытыку пошты» і паказалі старое відэа (яго здымаў год таму сам Дубскі), дзе ён атрымліваў пасылку з Беларусі. 

У той пасылцы былі цукеркі і два пачкі кальмараў. Яе яму даслала сястра на мінулы дзень нараджэння — 1 кастрычніка 2021-га. 

«Часам люблю папіць піва з кальмарамі, без фанатызму, вядома. Не было, дзе набыць, таму высылалі з Беларусі. Ролік здымаў пра тое, як супрацоўнікі пошты двойчы налічваюць дзяржпошліну за тавар. Відэа для сюжэта БТ, відаць, яны ўзялі зараз. Ім гэта зручна. Калі б я звар'яцеў, выскачыў на балкон і крычаў, што Лукашэнка малайчына, то яны б таксама гэта апублікавалі», — кажа ён. 

Дубскі запэўнівае, што з журналістамі БТ не камунікуе, а яны самі бяруць інфармацыю з яго блогу, якая ўпісваецца ў іх наратывы.

Хлопец тлумачыць, што за канфлікт у яго быў з поштай. Ён пайшоў здымаць супрацоўнікаў пошты пасля таго, як нейкі падпісчык паскардзіўся на іх хамства. 

«Я зайшоў на пошту, папярэдзіў ахоўніка, што зараз буду здымаць. Ён выклікаў паліцыю. У мяне праверылі дакументы, сказалі, што я нічога не парушаю, і з'ехалі. Пасля гэтага я спыніў здымаць, пайшоў на выхад. Прыехалі двое ў цывільным, іх выклікала начальніца гэтай пошты, яны паклалі мяне тварам у падлогу, ашчаслівілі двума штрафамі сумарна на 1000 злотых. Першы нібыта за адмову паказаць дакументы, а другі нібыта за адмову выйсці з памяшкання і спыніць здымку.

Пасля таго, як адпусцілі, я зняў пабоі. Паліцыянты перавысілі свае паўнамоцтвы. Але ім нічога за гэта не было. Паціху Польшча становіцца Беларуссю на мінімалках», — даводзіць сваю версію Дубскі.

Вынесены штраф Дубскі вырашыў абскардзіць. У выніку яго яму замянілі арыштам — 15 сутак. 

«26 верасня мне загадана прыехаць і адбыць арышт. У сам суд мяне нават не выклікалі, а проста потым паставілі перад фактам», — кажа ён. 

Дакумент, у якім напісана, што Арцём Дубскі павінен адбыць арышт

Дакумент, у якім напісана, што Арцём Дубскі павінен адбыць арышт

У маі Дубскі ездзіў у Беларусь да сваякоў — пасля той паездкі ў многіх узніклі пытанні. Як хлопец аказаўся ў дворыку КДБ, што ён там рабіў, чаму яго адпусцілі пасля затрымання? Хлопец апісвае ўсё так:

«Затрымалі ў сталічным гандлёвым цэнтры за тое, што я нібыта адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі. Прывезлі мяне ў дворык КДБ. Хаця ў пратаколе напісалі, што я сам нібыта туды прыйшоў. Калі мяне адтуль выпусцілі, то побач шпацыраваў міліцыянт, які зайшоў у дворык і папрасіў мяне паказаць тэлефон на наяўнасць падпісак на экстрэмісцкія паблікі, а я яго нібыта паслаў, пачаў зрываць з яго фуражку. Вось такую гісторыю яны напісалі. 

Насамрэч яны затрымалі мяне паўторна 12 мая, за мной сачылі, стаялі пад домам. Сілавікі шмат пра мяне ведалі, але не маглі паверыць, што я прыехаў у Беларусь проста так. А так і было. Калі б у іх была хоць якая-небудзь зачэпка, што мне можна прад'явіць, я б з сутак не выйшаў».

Пастанова суда ў дачыненні да Арцёма Дубскага, згодна з якой яму далі 15 сутак

Пастанова суда ў дачыненні да Арцёма Дубскага, згодна з якой яму далі 15 сутак

У ноч з 12 на 13 мая, па словах Дубскага, яму стала дрэнна з сэрцам. Яго забрала хуткая дапамога і адвезла ў бальніцу хуткай дапамогі. 

«Пасля таго, як выехаў з Беларусі, праваабаронцы прапанавалі падлячыцца ў санаторыі ў Літве. У той момант, калі я праходзіў рэабілітацыю, у некаторых пабліках сталі пісаць, што я не на сутках сядзеў, а з кадэбэшнікамі гарбату піў», — расказвае ён.

Пару месяцаў таму агалоску атрымала відэа з Дубскім, дзе ён абзывае бандэраўцамі ўкраінцаў, якія прыйшлі да помніка савецкім салдатам у Варшаве пратэставаць супраць удзелу расійскага пасла ва ўрачыстасцях з нагоды 9 Мая. «Вам не сорамна стаяць з гэтым нацызмам?» — казаў ён жанчыне, якая трымала ўкраінскі сцяг.

Дубскі адказвае тым, хто абвінавачвае яго ў цкаванні ўкраінцаў. 

«Уявіце, наколькі глыбока я павінен быў разабрацца ў пытанні, колькі ўбачыць, каб памяняць свае погляды, якія былі 12 гадоў таму [калі быў у Маладым Фронце], на тыя, якія маю зараз.

Наконт украінцаў я быў бы рады змяніць сваё меркаванне, але праблема толькі ў тым, што ёсць нацыкі, якія сюды прыязджаюць. Я сутыкаўся з такімі людзьмі», — сцвярджае ён. 

Дубскі не лічыць, што Расія напала на Украіну.

«Цяпер пачынаецца вайна, да гэтага моманту была спецаперацыя, — спрабуе пераканаць ён. — Усход Украіны заўсёды быў прарасійскім, але праблема ў тым, што Украіна ў дадзены момант нейкая нацысцкая дзяржава.

Лічу, што Расія не напала на Украіну: 22 лютага Пуцін падпісаў закон аб прызнанні «ДНР» і «ЛНР», 23 чысла ён увёў войскі на тэрыторыі прызнаных ім дзяржаў. Далей пачаліся абстрэлы. І вось тады было прынятае рашэнне ісці далей да Кіева». 

У фэйсбуку згадваюць, што да Дубскага былі пытанні і ў часы яго актывізму ў Маладым Фронце, але «тады было не прынята казаць дрэннае пра сваіх». Іван Шыла напісаў пра абставіны суда, які быў у Асіповічах у 2009 годзе.

«Паклікалі дыпламатаў, журналістаў, прыехалі людзі з усёй краіны, а Дубскага судзілі за крадзеж тэлефона. Вось такі палітвязень, ганьба для МФ і шок для ўсіх прысутных у зале», — успамінаў Шыла. 

Чытайце таксама: 

Былога маладафронтаўца ў Варшаве вінавацяць у працы на Расію. Сам ён сцвярджае, што «выказвае меркаванне»

Палітвязню Арсенію Дзядку прысудзілі тры гады «хіміі»

КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ 15 чалавек, большасць з якіх — палітвязні

Клас
5
Панылы сорам
40
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
3
Абуральна
23