Сучасныя тэхналогіі дайшлі да такога ўзроўню, што часам нават не трэба даваць запыт ці каманды з дапамогай клавіятуры. Запусціць працу машыны можна голасам, а замест корпання ў энцыклапедыях — пагутарыць з галасавымі памочнікамі накшталт «Алісы» ці Siri і даволі хутка атрымаць адказ на неабходнае пытанне.

Як распавялі стваральнікі ініцыятывы say.by, яны хочуць, каб нашы суайчыннікі ў будучыні маглі размаўляць з сэрвісамі не толькі па-руску, але і на беларускай мове. Аднак для гэтага трэба стварыць даволі вялікую моўную базу з запісам галасоў розных людзей, што дазволіць камп'ютару павысіць якасць распазнавання.

— Янку Купалу абралі для марафону ў тым ліку, каб было цікавей. Мы можам з розных галасоў скласці цэлыя вершы і паслухаць, як яны гучаць у выкананні людзей, што жывуць у розных кутках Беларусі. Чэлендж працягнецца яшчэ 39 дзён, — расказалі арганізатары праекта.

За першы тыдзень у марафоне (а ён ужо трэці) паўдзельнічала 3 тысячы чалавек. У тым ліку супрацоўнікі буйных беларускіх арганізацый накшталт «Аліварыі», «А-100» і 21vek.

Калі да гэтай справы хочаце далучыцца і вы, праходзьце па спасылцы на сайт donar.by. Пакінуць запіс вельмі лёгка. Трэба толькі націснуць на значок з выявай мікрафона і зачытаць верш Янкі Купалы. Там жа можна паслухаць і запісы, якія ўжо атрымаліся.

Пажадана, каб падчас агучвання ваш голас гучаў натуральна, нібыта адбываецца звычайная размова.

Клас
18
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0