Пахаванні ў лесе пад Ізюмам
Адна з катоўняў, паводле слоў Кліменкі, была ўладкаваная ў Балаклеі, у аддзяленні паліцыі. Там у камерах утрымлівалі каля 40 людзей, арыенціровачна яны прабылі там да 48 дзён. Другую катоўню, як удакладніў кіраўнік НПУ, расійскія вайскоўцы ўладкавалі ў памяшканні гарадской друкарні.
«Былі катаванні — мы бачылі на руках у людзей сляды ад электрычных аголеных правадоў, па якіх пускалі ток, калі дапытвалі. Былі знойдзеныя малаткі і петлі. Цяпер мы праводзім следчыя дзеянні па ўстанаўленні ступені пашкоджанняў, якія атрымалі людзі», — заявіў ён.
Кліменка таксама расказаў яшчэ пра шэсць катоўняў, якія паліцэйскія выявілі ў Ізюме. Паводле яго слоў, ужо ўстаноўленыя падраздзяленні арміі Расіі, якія займаліся катаваннямі: гэта АМАП з Тальяці, падраздзяленні Расгвардыі, ФСБ і вайскоўцы так званай «ЛНР».
Кіраўнік НПУ паведаміў, што сярод тых, каго катавалі, выявілі замежных грамадзян. Імі аказаліся сямёра студэнтаў са Шры-Ланкі, якія вучыліся ў медыцынскім каледжы.
Кіраўнік Нацпаліцыі таксама пракаментаваў сітуацыю са знойдзенымі 15 верасня ў лясах пад Ізюмам масавымі пахаваннямі.
«На сённяшні дзень там налічваецца каля 445 пахаванняў. Характар цялесных пашкоджанняў, абставіны і прычыны смерці людзей устанаўліваем. Целы забітых людзей, пахаваных там з сакавіка, трэба будзе эксгумаваць і ідэнтыфікаваць. Гэта праца на шмат тыдняў, але мы давядзём яе да канца і вызначым, хто гэтым займаўся», — паабяцаў Кліменка.





