Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з усходнімі славянамі беларусы заўсёды былі шчаслівымі, а с Захадам заўсёды «загнівалі».

«Мы будзем памятаць і нагадваць усім аб тым, што ў саюзе з усходнеславянскімі суседзямі беларускія землі развіваліся (і Кіеўская Русь, і Расійская імперыя, СССР), а ў абдымках Захаду — мы гінулі. Мы загнівалі як нацыя. Нас рабавалі, знішчалі як этнас і ў эпоху Рэчы Паспалітай, і ў перыяд 20-гадовага польскага парадку на нашых заходніх землях. Землях, якія і сёння польскія эліты называюць сваімі «ўсходнімі крэсамі».

Польшчу Лукашэнка папракнуў у няўдзячнасці.

«Беларусы ў саюзе з іншымі савецкімі народамі не толькі перамаглі, але і, адкінуўшы ранейшыя крыўды, у 1945-м вызвалілі Польшчу ад фашызму. Звыш 600 тысяч савецкіх воінаў (сярод іх нямала беларусаў) назаўсёды засталіся ляжаць у польскай зямлі. І хто там, па той бок Буга, сёння аб гэтым успамінае? Чым нам сёння адказваюць?

Картамі паляка, фэйкамі Белсата, праграмамі Каліноўскага, палітэмігранцкімі цэнтрамі, Байполамі, Байсоламі ды іншымі ідэалагічнымі дыверсіямі. Дадайце да таго, што на тэрыторыі гэтых дзяржаў сёння фармуюцца сілавыя падраздзяленні для звяржэння ўлады Беларусі і вяртання нас да 1939 года», — сказаў Лукашэнка.

Дасталася і іншым суседзям Беларусі. «Развал Украіны ўжо пачаўся. А польскія, літоўскія і латышскія палітыкі, мяркуючы па ўсім, наіўна разлічваюць вытаргаваць сабе будучыню ў новых геапалітычных рэаліях. Вельмі шкада, што нашы суседзі не вывучылі ўрокаў гісторыі», — сказаў Лукашэнка.

Прайшоўся Лукашэнка і па ЗША: «Вашынгтон прысутнічае ва ўсіх значных палітычных канфліктах, пры гэтым цалкам ігнаруе ўнутраныя супярэчнасці на мяжы грамадзянскага супрацьстаяння. Я выкладаю факты. Свет страціў галаву, і трашчыць па швах. Чым усё завершыцца? З моманту заканчэння халоднай вайны чалавецтва ўпершыню апынулася на парозе ядзернага канфлікту».

Ні слова пра амністыю, якую Лукашэнка сам анансаваў да 17 верасня, ён не сказаў.

Клас
6
Панылы сорам
69
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
44