«У верасні мінулага года, прыйшоўшы дадому, я стаў скардзіцца. Як жа я стаміўся… Як мне ўсё надакучыла… Як я хачу адпачынку… Проста нічога не рабіць, сядзець і чытаць кнігі… Правільна фармулюйце свае жаданні!» — напісаў радыёвядучы з намёкам пра тое, як і дзе праводзіў час.

Аляксея затрымалі ў снежні 2021 года, а ў сакавіку асудзілі на адзін год пазбаўлення волі. Паколькі тэрмін знаходжання ў СІЗА залічваецца як адзін дзень за паўтара, мужчыну адпусцілі раней, чым праз год.

Нагадаем, яго абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Паводле абвінавачання, Аляксей Кругляк, знаходзячыся на працоўным месцы на гомельскім тэлебачанні, са свайго тэлефону ў прафесійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 года даслаў некалькі паведамленняў, якія тычыліся палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў. Ён убачыў гвалт і агрэсію, якія былі ў Мінску і іншых гарадах краіны над мірнымі жыхарамі, што выказвалі сваё стаўленне да фальсіфікацыі выбараў.

Крымінальную справу завялі толькі праз год, восенню 2021 года, калі ГУБАЗіК атрымаў доступ да чата. Аляксей да таго часу пра гэтыя паведамленні забыўся і своечасова іх не выдаліў. Пасля апублікавання ён спалохаўся, запісаў і выклаў у інтэрнэт «пакаяннае» відэа, дзе ад усяго адхрышчваўся ў надзеі, што яго не затрымаюць. Аднак гэта не дапамагло.

На судовым працэсе Кругляк пагадзіўся даваць паказанні, і тады прадстаўнік абвінавачання і суддзя дамагліся ад яго поўнага прызнання віны. У сваім апошнім слове Аляксей агучыў, што згодны на ўсё, нават стаць «рупарам прапаганды», працаваць не пакладаючы рук, абы не адпраўлялі ў калонію, а адпусцілі дадому да сям'і. Аднак суддзя Віктар Казачок асудзіў мужчыну да года калоніі, як і прасіў пракурор.

Клас
5
Панылы сорам
9
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4