Вызваленне каштавала 24 тысячы еўра. Пра гэта Вольга расказала ў эфіры «Обычного утра».
Па словах жанчыны, «гэта была добрая работа адваката, які ведаў, з кім дамаўляцца, і адпаведна шмат тысяч еўра… 24 тысячы еўра».
Таксама яна кажа, што больш у Беларусь не прыедзе.
37-гадовую ўраджэнку Баранавічаў затрымалі 22 жніўня на вакзале, калі яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь з Андоры. Ёй інкрымінавалі абразу Лукашэнкі.
У відэа сама Вольга распавяла, што ў жніўні 2020 года палічыла, што выбары былі сфальсіфікаваныя. У Instagram падпісалася на старонку «Nexta», адкуль рабіла скрыншоты і выкладвала на свой старонцы, пісала каментарыі.
Падчас прыезду ў Беларусь яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА. У Беларусі ў дзяўчыны няма блізкіх сваякоў, яна прыязджала наведаць знаёмых і магілу маці, якая памерла ў 2018 годзе.
У відэа Вольга просіць прабачэння ў мужа, якога яна, паводле яе фармулёўкі, «кінула аднаго з сынам» праз неабдуманныя дзеянні.
У роліку яна прызнаецца ў любові да Беларусі і кажа, што рада, што ў яе беларускі пашпарт.
Прадстаўніца пракуратуры Іна Данільчык сказала, што жанчыне прадʼяўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 368 КК РБ (абраза прэзідэнта Беларусі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да зняволення да чатырох гадоў.





