У Польшчы зарэгістравана больш за 3700 кампаній з беларускім капіталам.

Многія беларускія заснавальнікі стартапаў, кіраўнікі і ўласнікі кампаній прынялі рашэнне аб «геаграфічнай дыверсіфікацыі» свайго бізнэсу. Яны адкрываюць офісы і прадстаўніцтвы за мяжой і пераводзяць туды сваіх супрацоўнікаў.

У кастрычніку 2020 году Саюз польскіх прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ZPP) арганізаваў кантактны пункт для інвестараў з Беларусі, крыху пазней быў запушчаны бясплатны праект Belarus Business Center — «Беларускі бізнэс-цэнтр» (ВВС).

Паводле прадстаўніка «Беларускага бізнэс-цэнтра», з пачатку 2022 года ў Польшчы зарэгістравалі каля 500 кампаній, дзе адзін з заснавальнікаў — фізічная альбо юрыдычная асоба з Беларусі. А ўсяго ў Польшчы зарэгістравана 3709 кампаній з беларускім капіталам.

У Польшчы прадказальнае бізнэс-асяроддзе і заканадаўства, канкурэнтаздольны ўзровень падаткаабкладання, затрат на рабочую сілу і офісы, кажуць прадстаўнікі Цэнтра. Да таго ж тут ёсць вялікая беларуская дыяспара, і рэлакаваныя супрацоўнікі могуць адчуваць сябе камфортна.

Усе паслугі ў офісе ВВС бясплатныя

22 верасня ў цэнтры Варшавы адкрыўся Open Space для беларускіх кампаній.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця офісу выступіла кіраўніца праграм USAID у Беларусі Джэна Таджчман (Jenna Tajchman), якая паабяцала беларускім бізнэсменам усебаковую падтрымку і дапамогу.

У чырвоным — кіраўніца праграм USAID у Беларусі Джэна Таджчман

У чырвоным — кіраўніца праграм USAID у Беларусі Джэна Таджчман

У новым офісе ёсць абсталяваныя працоўныя месцы, канферэнц-зала, перамоўныя, кухня.

Беларускія кампаніі могуць выкарыстоўваць гэты офіс на пачатку сваёй дзейнасці ў Польшчы.

Паводле разлікаў заснавальнікаў, такая дапамога асабліва патрэбная для малога і сярэдняга бізнэсу, які працаваў на экспарт, на заходнія рынкі. Многія кампаніі не маюць фінансавых магчымасцяў, каб адразу перавезці ўсіх супрацоўнікаў, таму пераязджаюць паступова: спачатку кіраўнікі пачынаюць з-за мяжы інвеставаць, шукаюць суайчыннікаў у Польшчы.

«Тут беларускаму бізнэсу гатовыя дапамагчы ў пытаннях падаткаабкладання, польскага заканадаўства, арэнды офісаў, рынку працы і ў іншых важных аспектах у працэсе рэлакацыі.

Тут можна атрымаць юрыдычныя кансультацыі на ўсіх этапах адкрыцця і вядзення бізнэсу, падтрымку ў кантактах з органамі ўлады Польшчы, ментарскую падтрымку ад польскіх экспертаў, паўдзельнічаць у шматлікіх семінарах, вэбінарах і трэнінгах. Мы хочам, каб гэты офіс стаў пляцоўкай, дзе можна знайсці аднадумцаў, сустрэцца з іншымі бізнэсменамі», — кажа прадстаўнік Беларускага бізнэс-цэнтра.

Усе паслугі ў офісе «Беларускага бізнэс-цэнтра» бясплатныя.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0