Вось вы ж самі любілі рагатаць з пакалення офісных хамячкоў. Казалі, што гэтых людзей цяжка зрынуць не тое, што на нейкую рэвалюцыю, а нават на простае змаганне за ўласныя правы. Кпілі з яго інфантыльнасці, павярхнёвасці (маўляў, офісны планктон): што нічым асабліва не цікавіцца і да трыццаці год ласае жыць на мамчынай шыі.

І вось цяпер гэтае пакаленне Х пагналі, бы тое быдла, на пункты пуцінскай мабілізацыі. Вы напраўду думаеце, што пагроза жыццю можа ўвадначассе ператварыць хамячка ў берсеркера?

Гэтыя людзі не выходзілі сотнямі тысяч на Балотную, калі гэта было яшчэ магчыма і калі гаворка ішла пра іх элементарныя правы. Цяпер жа іх відавочна не ператворыць імгненна ў рэвалюцыйную масу магчымасць патрапіць пад мабілізацыю і стаць грузам 200 ва Ўкраіне. Апошнія некалькі пакаленняў — гэта «дзеці лета», як казалі ў вядомым серыяле: людзі, якія пра вайну ведаюць выключна тое, што ім паказваюць у мастацкіх фільмах.

Нават дзве чачэнскія кампаніі не маглі вывесці гэтыя пакаленні з матрыцы, бо ў гэтых лакальных канфліктах былі задзейнічаны добра калі 0,5% мужчынскага насельніцтва. То бок гэтыя пакаленні не прывучаныя да жорсткасці і гвалту, у нечым яны інфантыльныя і дамашнія. Для таго, каб пакаленні Х і Y ператварыліся ў пакаленне Рэмарку ім трэба даць час.

Я б казаў пра год. Год крывавай, бессэнсоўнай і жорсткай вайны з тысячамі загінулых і пакалечаных, з кожнай другой сям’ёй, якая адчуе страты. Вось тады патрыятычны раж ці абыякавасць абывацеля зменяцца на жах і прагу перамен. Менавіта тады можна будзе чакаць, што задзяўбаныя вайной і разрухай грамадзяне Расіі нарэшце здолеюць скіраваць сваю ўвагу на галоўную прычыну іх бедстваў, і пачаць патрабаваць змены ўлады.

Гэтыя людзі пакуль думаюць, што вайна — гэта такі больш рэалістычны варыянт World of Tanks ці Counter Strike, дзе іх ранейшыя навыкі маюць хаця які сэнс. Але час хутка лечыць падобныя аблуды.

З улікам паскарэння тэмпаў развіцця ў ХХІ стагоддзі, мяркую, Расія пройдзе свой шлях ад 1914 да 1917 года за паўтара года (паўгода ўжо мінула). І тады там пачнецца вялікая смута, якую прадчуваюць і баяцца мясцовыя прапагандысты. Але не раней. Пакуль мабілізацыя, баявыя паўлітра на дарожку, іржавы аўтамат, які трэба аддзерці пяском, і лаянка старшыні. І спакойная вера дамашніх, што хутка скончыцца і вернецца дамоў. У гэтым сэнсе для рускіх вайна сапраўды пачалася толькі пару дзён назад, а да гэтага быў проста ваенны серыял па ТВ на палову з футбольным заўзеннем (як там нашы?) з тымі самымі 0,5% статыстаў.

Але не трапляйце ў ружовыя ілюзіі, што беларусы нейкія надзвычай лепшыя. Мы таксама збольшага з нябітага пакалення.

Так, нас жыццё пачало вучыць і біць трохі раней па галаве сваімі Валадаркамі і Акрэсціна. Але калі заўтра Лукашэнка абвесціць мабілізацыю, пойдуць і нашы туды купамі, не раўнуючы тыя бараны. Чаму тая ўлада баіцца пакуль мабілізацыю аднак абвяшчаць? На тое ёсць дзве прычыны.

Прычына першая. Беларусы больш мабільныя і па колькасці еўрапейскіх віз даўно ўжо ўсіх абставілі ў адны дзверы. А з 2020 г. з Беларусі і так вялікі адток людзей.

Такі вялікі, што фюрар і яго прапаганда праз зубы змушаныя ўвесь час казаць пра «вярніцеся, мы ўсё даруем» (ну, можа і не ўсё, але камусьці і штосьці там), можа нават амністыю зладзім. Бо па частцы некаторых спецыяльнасцяў людзей не хапае ўжо крытычна і гэта вельмі небяспечна для захавання агульнай інфраструктуры. Відавочна, што любая мабілізацыя паставіць на вяртанні смачны і тлусты крыж (або зэт), а вось адток павялічыць геаметрычна.

Але ёсць і другая прычына. І яна таксама звязаная з 2020 годам. У рэжыму і яго прапагандыстаў няма ўпэўненасці, што ў гвалтам мабілізаваным войску нізавыя бел-чырвона-белыя камісары не пачнуць вельмі хутка агітаваць салдат скарыстаць зброю зусім не па тых цэлях, што прымеркавала яму начальства.

А правераных ябацек і хатаскрайнікаў не так і шмат, каб імі ўкамплектаваць вялікае войска. Да таго ж, камусьці трэба будзе і ад змагароў адмахвацца. І вось толькі гэтыя два рэзоны змушаюць Лукашэнку, як пра страшны сон, думаць пра магчымасць хаця і частковай мабілізацыі.

Большасць людзей толькі цяпер пачало выкідваць з старой і ўтульнай матрыцы ў «пустыню рэальнага». Ім пакуль страшна і не надта ўтульна, але хутка іх дыскамфорт пераплавіцца ў іншую эмоцыю.

З улікам, што ўладам няма чым падсілкоўваць гэтую эмоцыю ў пазітыўны бок, бо вайна і гвалт не ёсць ані справядлівымі, ані пажаданымі, то эмоцыя гэта перарасце ў моцна негатыўную. А рукі ж ужо прызвычаяцца да аўтамата і простага вырашэння няпростых спраў. Вось так і з’яўляюцца Леніны на браневічку. А ўрады працягваюць наступаць на старыя граблі. І не жадаюць вучыць урокаў гісторыі.

Мараль: не чакайце хуткіх эфектаў, але эфектаў чакайце… і рыхтуйцеся да бліжэйшай будучыні, яна будзе драматычнай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

5
Вася / Адказаць
24.09.2022
Дорогая редакция! Объясните пожалуйста своему малограмотному читателю значение фразы " а вот отток увеличит геометрически". Геометрически увеличить, это как?
3
Бредбредовый / Адказаць
24.09.2022
Какой же бред написал автор. Для того чтоб люди поняли что жить можно по другому им в первую очередь надо знать что такая жизнь в принципе возможна. В кндр люди ущемлены в правах в сто раз больше чем в рф (умирают от голода и т.д.) и что? И ничего! Люди в рф не знают чего лишены. Живут в д.ме и будут жить дальше. Слушать эту пропаганду, боятся и радоваться что прожили еще один день. Ну в принципе как в кндр или хуже. Ничего не поменяет мясорубка. Для того чтоб чтото поняли надо чтоб например зеленского было слышно не только на ютуб каналах. А по максимально возможному количеству тв и радио и грубо говоря даже из утюга. И не только зеленского. Надо было не закрывать границы для рф , а открывать. Пропаганда к сожалению работает. По какой причине люди в рф поменяют мнение, станут мыслить проевропейски, узнают какой должна быть их жизнь? На фронте они это сделают? … на фронте Будет просто смерть причем ее будет много. Посмотрели бы последний репортаж Доренко про Курск. В каком быту живут там люди. Уровень помойки. Люди не могут себе позволить другую жизнь тк просто нет денег на билет чтоб от туда выехать хотябы в другой регион рф. От кого сейчас закрыты границы в европе? От людей у которых нет денег на билет чтоб даже подьехать к той границе с европой? 70% рф граждан не была за границей в принципе. Не понимаю чего именно там ждет автор? Но это глупо в высшей степени полагать что война добавит мозгов простому люду. Те кто выживут будут просто радоваться что живы - вот что будет. И ничего более. По поводу отсылки на 17 год - так там людям обьяснили, т.е. была альтернативная пропаганда. Товарищ ленин поработал и прочие. Сейчас альтернативной пропаганды нет. Есть только пару твитов от пугачевой - единичные случаи.
5
не раўнуючы тыя бараны / Адказаць
24.09.2022
Гэта што?
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру