Фота: «Vydaviectva łacinka»

Фота: «Vydaviectva łacinka»

«Z taho samoha momantu, jak Hary viarnuŭsia z školy na lietnija vakacyi, dziadźka Viernan abychodziŭsia z chlopčykam tak, jak byccam jon byŭ bombaj, hatovaj u liubuju chvilinu padarvacca, i ŭsio tamu, što Hary sapraŭdy nie byŭ narmaĺnym dziciom. Dakladniej skazać, jon byŭ nastoĺki nie narmaĺnym, nakoĺki heta naohul mahčyma».

Гэта ўрывак з «Hary Poter i Tajemny Pakoj», пераведзенага на лацінку.

Група энтузіястаў пераводзіць на беларускую лацінку вядомыя творы замежных аўтараў. У суполцы злацінкаваныя «Звяз пярсцёнка» ды «Гары Потэр і таемная зала».

Лацінка разам з кірыліцай і арабіцай — традыцыйныя беларускія правапісы. Беларусы актыўна выкарыстоўвалі лацінку з XVII стагоддзя. Ёю пісалі Янка Купала, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч.

На ёй выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, а таксама, нейкі час, «Наша Доля» і «Наша Ніва». За чатыры стагоддзі свайго існавання яна мела некалькі варыянтаў. Апошні з іх, афіцыйны, цяпер на гарадскіх паказальніках ды схемах мінскага метро. Гэты варыянт лацінкі быў прыняты ў 2009 годзе беларускай Акадэміяй навук ды зацверджаны ААН.

«Хацеў пачытаць фантастыку»

Адзін з ініцыятараў стварэння суполкі 29-гадовы Аляксандр жыве ў Літве, куды вымушана выехаў, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій. У Беларусі супраць яго распачатая крымінальная справа.

Год таму, ужо ў выгнанні, ён хацеў прыдбаць на лацінцы патрэбную кнігу — яго цікавіла фантастыка, але яму гэтага не ўдалося. Тады вырашыў заняцца лацінізацыяй сам.

Пра лацінку Аляксандр даведаўся, калі вучыўся ў школе, ад настаўніцы. Яна расказала класу аб існаванні такога правапісу і паказала газету «Наша Ніва» пачатку ХХ стагоддзя, выдадзеную кірыліцай і лацінкай.

«Беларусы павінны ведаць усе варыянты правапісу сваёй мовы. Я думаю, у будучыні лацінка стане калі не асноўным правапісам, то стане ўжывацца часцей», — тлумачыць Аляксандр сваё разуменне важнасці справы, якой займаецца. 

Праз сацыяльныя сеткі Аляксандр знайшоў аднадумцаў. Ён кажа, што ў суполцы двое перакладчыкаў. Адзін перакладае тэксты з расейскай і ангельскай моваў на беларускую. Другая пераводзіць з кірыліцы на лацінку. Суразмоўца ўдакладняе, што кірылічныя тэксты спачатку канвертуюцца ў лацінкавыя, а потым вычытваюцца. Перакладчыкам дапамагае настаўніца беларускай мовы. Перыядычна далучаюцца да каманды новыя людзі, якія даюць рады вычытцы тэкстаў.

«Мяне здзівіла, што аматараў беларускай лацінкі нямала. Яны падказваюць памылкі ў перакладах. Знайшліся двое знаўцаў лацінкі, якія вычытваюць тэксты і ў якіх я вучуся. Гэтыя два хлопцы з Польшчы. Адзін з іх 23 гады там жыве і сваіх дзяцей вучыць беларускай лацінцы», — распавядае Аляксандр.

«Але прафесійнага рэцэнзента ў нас няма пакуль. Калі б такі знайшоўся, то яму былі б удзячныя. Нават грошы сабралі б, каб заплаціць», — адзначае Аляксандр. На сёння яны патрацілі на сваю дзейнасць 2000 еўра, — тлумачыць ён і адзначае, што фінансуецца дзейнасць суполкі «са сваёй кішэні», данатаў не збірае.

Па словах Аляксандра, значная частка грошай пайшла на распрацоўку адмысловага канвертара, бо, кажа ён, існуючыя непрыдатныя для працы з вялікімі тэкстамі. Таксама частку сродкаў патрацілі на ганарары некаторым спецыялістам.

Аляксандр сцвярджае, што пасля публікацыі перабітай на лацінку кнігі пра Гары Потэра больш за 300 чалавек адрэагавалі допісамі перакладчыкам. Людзі чакаюць наступных твораў. 

Ён чакае, што чытачы будуць пісаць у сацыяльных сетках аб перакладзеных выдавецтвам кнігах. 

«Lacinka.org» ды іншыя

Існуюць і іншыя ініцыятывы па папулярызацыі беларускай лацінкі. Яе рупліўцы ствараюць нефармальныя суполкі і спрабуюць пашыраць свае ідэі.

Напрыклад, у Польшчы энтузіясты лацінкавага беларускага правапісу аб'ядналіся ў 2007 годзе ў таварыства Lacinka.org. Яно зарэгістраванае і застаецца дзейным, хоць сайт арганізацыі не працуе.

Заснавальнікі таварыства адзначаюць, што «лёс лацінкі ў руках беларусаў, якія лічаць гэты спосаб пісьма больш прывабным і, адмовіўшыся ад кірыліцы, карыстаюцца ёю штодзённа».

«Lacinka.org арыентуецца пераважна на беларускае слова: мастацкая літаратура, музыка, інтэрнэт, IT. Мы падтрымліваем таленавітых пісьменнікаў, музыкаў, праграмістаў, вэб-майстроў і нават аўтараў блогаў. Проста ўсім, каму неабыякавы лёс беларускай лацінкі», — дэкларуе таварыства.

«Укантакце» суполка «Biełaruskaja łacinka i kultura» папулярызуе беларускую мову ды яе лацінкавы варыянт правапісу. Допісы ў пабліку абнаўляюцца.

«Спадарства, калі няцяжка, просьба націснуць «рэкамендаваць». А калі ёсць знаёмыя, якім можа быць цікава наша тэматыка — раскажыце ім пра гэтую суполку», — заклікаюць яго ўдзельнікі.

«Лацінцы не вучаць»

«Галоўная праблема ў тым, што беларускай лацінцы не вучаць у школе, — тлумачыць Аляксандр. — Сам я скончыў польскамоўную школу і для мяне чытаць на лацінцы не нешта незвычайнае».

Паводле яго, каб патлумачыць, што беларусу лацінка не чужая, суполкаўцы далучалі да першых сваіх перакладаў артыкул «Нашай Нівы» «Як правільна пісаць беларускай лацінкай?»

Чытайце таксама: Кароткі ўрок беларускай лацінкі: правілы і ТЭСТ

«Наагул я лічу, што яе трэба дадаваць да кожнай кнігі. Каб спачатку чыталі яе, а пасля — саму кнігу», — даводзіць Аляксандр.

«Мы на ёй не зарабляем»

У перфекцыяністаў беларускай лацінкі меркаванні наконт якасці тэкстаў суполкі «Vydaviectva łacinka» разыходзяцца. Некаторыя лічаць іх «правапісна слабымі», бо ў тэкстах ёсць памылкі. Але нават перфекцыяністы лічаць, што праца энтузіястаў не шкодзіць беларушчыне.

Дзе ў тэксце памылкі? Трэба: «аДвыкла», «калі Б вы», «падобны ДА ідыёта», «гідкУю саву»

Дзе ў тэксце памылкі? Трэба: «аДвыкла», «калі Б вы», «падобны ДА ідыёта», «гідкУю саву»

Іншыя, у каго мы пыталіся, кажуць, што якасць тэкстаў «прымальная». Адчуваецца «механічны пераклад», але іх дапрацоўвалі перакладчыкі.

Дзе ў тэксце памылкі? Трэба «паехаў ПА смокінгі», «па падстрыжанЫМ лужку» (калькі з расейскай мовы).

Дзе ў тэксце памылкі? Трэба «паехаў ПА смокінгі», «па падстрыжанЫМ лужку» (калькі з расейскай мовы).

«Памылкі сустракаюцца рэгулярна, але ў цэлым узровень някепскі, — выказваецца адзін чытач. — Калі ацэньваць у балах, то недзе 6—7 з 10».

А вось беларускі выдавец Гары Потэра ўзяўся за галаву. Правоў на публікацыю перакладаў у яго ніхто не прасіў.

«Калі гэта будзе публічна распаўсюджвацца, гэта грубае парушэнне аўтарскага права», — кажа Андрэй Янушкевіч. Менавіта яго выдавецтва ў свой час уклалася ў гэты пераклад — вельмі прыгожы, дарэчы.

Аляксандр і сам прызнае: іхная праца з гледзішча аўтарскага права «проста жах», бо яны «займаюцца пірацтвам».

«Як я на гэта гляджу? — тлумачыць руплівец лацінкі. — Гэта аматарская версія. Мы на ёй не зарабляем. Мы выкладаем тэксты для азнаямлення. Гэта тая праца, якую мы робім задарма».

Ён прызнаецца, што «сітуацыя суполкаўцам не падабаецца і цяпер вырашаецца, як ёй даць рады».

«Мы разумеем, што Андрэй Янушкевіч будзе дужа злы, што мы парушаем аўтарскія правы. Калі не ўдасца дамовіцца, то надалей самі будзем перакладаць з англійскай мовы. Безумоўна, мы хацелі б прыдбаць права на лацінкавы пераклад, каб гэта было законна», — адзначае Аляксандр.

Андрэй Янушкевіч кажа, што не мае права перадаваць іншым дазволы.

«Любое апублічванне, нават фрагментаў, нават бясплатнае, забаронена па нашых дамовах з праваўладальнікамі», — даводзіць ён.

«Ёсць правілы і мы павінны іх выконваць, калі мы цывілізаваная краіна, — працягвае выдавец. — Паверце, шмат дзе нас успрымаюць як дзікі край. І набыць правы на Гары Потэра азначала зламаць гэтую візію».

Фота: «Vydaviectva łacinka»

Фота: «Vydaviectva łacinka»

Чытайце таксама:

Двайнікі вядомых беларусаў — частка 2. Ад падабенства некаторых вы ачмурэеце

Клас
77
Панылы сорам
9
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
17