У сацсетках публікуюць відэакадры, на якіх бачны невядомы картэж, які перамяшчаецца па Абхазіі ў суправаджэнні машын дарожна-патрульнай службы. Telegram-канал АМРА-life піша, што «картэж з прэзідэнтам сяброўскай краіны ўжо праехаў Гагру».

Але дакладнай інфармацыі няма і ў абхазаў. Па словах журналісткі Ізіды Чанія, «вельмі дрэнна, што грамадства не ведае дакладнай інфармацыі». «Уся Абхазія гадае, хто заехаў да нас у госці», — адзначыла яна.

26 верасня Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Сочы з працоўным візітам да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Але наступныя два дні ніякіх навін пра яго візіт не было. Толькі прэс-сакратар Крамля Пяскоў сказаў, што нібыта сустрэча Пуціна і Лукашэнкі працягваецца. 

Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што не выключае прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Паводле яго, як толькі ён зразумее неабходнасць гэтага кроку, і пра гэта яму скажа прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, тады гэта можа адбыцца. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў пасля гэтага сказаў, што Крэмль не будзе пасылаць нейкія сігналы Аляксандру Лукашэнку аб неабходнасці прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, а таксама Крыма як расійскага рэгіёна.

У жніўні 2021 года Лукашэнка распавёў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асецію і Абхазію. Паводле яго, Захад пагражаў Мінску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнання незалежнасці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампенсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым ён назваў «нядобрым фактам», калі «Асецію адарвалі ад Грузіі».

Абхазскі лідар Аслан Бжанія казаў, што Абхазія гатовая далучыцца да Саюзнай дзяржавы Расіі, Беларусі і іншых краін, якая можа быць утвораная пасля вайны ва Украіне. Пры гэтым абхазскі лідар дадаў, што ў Абхазіі няма афіцыйных кантактаў з кіраўніцтвам Беларусі.

Клас
2
Панылы сорам
11
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
27