У вераснёўскім чэку з польскай крамы з выніковай сумай каля 112 беларускіх рублёў апынуліся наступныя тавары:
кава Jacobs (1 кг у зернях і 500 г молатай),
капсулы для мыцця Ariel (33 шт.),
дэзадарант Old Spice (50 мл),
крэм для твару Eveline,
тампоны (2 пачкі па 32 шт.),
слоік шакаладна-арэхавай пасты (400 г),
чатыры пліткі шакаладу (дзве па 100 г, а таксама па 220 г і 300 г),
дзве скрынкі шакаладных цукерак (па 460 г кожная),
маленькая ўпакоўка вэнджанага сыру (80г),
паўлітровая бляшанка піва.
Пасля параўнання цэнаў па кожнай пазіцыі з чэка, якую ўдалося адшукаць у беларускай сеткавай краме (польскія прысмакі ў гэты спіс не патрапілі), высветлілася, што кава ў беларускай краме каштуе каля 44 рублёў у зернях і каля 19 рублёў молатая (гэта значыць, прыкладна ўдвая даражэй, чым у Польшчы), капсулы для мыцця прадаюцца прыкладна па 42 рублі за 30 штук (а гэта ўжо ў тры разы даражэй), прыкладна ў два разы прайграюць беларускія крамы польскім і ў цэнах на дэзадаранты, а таксама сродкі асабістай гігіены.
Нават цэны на мясцовы шакалад у Беларусі і Польшчы моцна адрозніваюцца. Калі ў польскай краме стограмовая плітка польскага шакаладу каштуе каля 1,5 рубля (і гэта не самая нізкая цана), то ў беларускай краме аналагічная па вазе беларуская плітка каштуе як мінімум 2,3 рубля, гэта значыць, у 1,5 раза даражэй.
Пасля выніковых падлікаў аказалася, што ў Беларусі на суму ў 112 рублёў можна купіць толькі 1,5 кг кавы, капсулы для мыцця і дэзадарант (калі пашчасціць яго знайсці на зніжках).





