Фота ілюстрацыйнае

Для прыгатавання ежы гэтую ваду не рэкамендуецца браць

Што такое нітратная вада ў калодзежы зведалі жыхары вёскі Старое сяло Бялыніцкага раёна. У паселішчы, дзе прапісана паўсотні чалавек, брудную ваду выявілі ў трох калодзежах з 14-ці. Тыя з вяскоўцаў, якія прызвычаіліся мець студню пры хаце, у разгубленасці. Цяпер па ваду ім даводзіцца хадзіць за некалькі сот метраў.

Па словах жыхароў вёскі, іх стала насцярожваць, што пасля кіпячэння ў вадзе з'яўлялася бялёса-каламутная плёнка. Яны напісалі ў раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Па правядзенні аналізаў супрацоўнікі рэкамендавалі жыхарам выкарыстоўваць ваду толькі для тэхнічных патрэбаў.

«Людзі павінны ведаць, што па нітратах перавышэнне. Мы рэкамендуем гэтую ваду для прыгатавання ежы не ўжываць. Браць чыстую з іншых калодзежаў», — тлумачаць у санэпідэмстанцыі.

Фота: zara.by. Жыхар вёскі Старое Сяло

Фота: zara.by. Жыхар вёскі Старое Сяло

У калодзежнай вадзе Старога Сяла ўтрыманне нітратаў перавысіла дапушчальную норму амаль удвая. Акрамя нітратаў у ёй было багата хларыдаў, а таксама — кальцыю і магнію, якія вызначаюць ступень жорсткасці вады. Па праверцы на калодзежах зʼявіліся засцерагальныя абвесткі.

«Калі б была кішэчная палачка, то калодзеж прадэзынфікавалі б і ўсё, а з нітратамі складаней. Іх жа ніяк не адчуеш і ніяк з імі не пазмагаешся», — даводзяць спецыялісты з раённай санэпідэмстанцыі.

Сярод прычынаў забруджвання вады называецца недалёка размешчаная ферма, дзе маглі няправільна ўтылізаваць арганічныя адходы буйной рагатай жывёлы, а таксама траплянне ў грунтовыя воды ўгнаенняў з палёў.

У раённай санэпідэмстанцыі дапускаюць, што з часам вада сама можа ачысціцца, бо, па іх словах, такія выпадкі былі ў раёне.

Нітраты цяжка вывесці з вады звычайнымі метадамі ачысткі

Праблемы з нітратнай вадой характэрныя для сельскай мясцовасці. Траціна жыхароў вёскі бярэ ваду са студняў. На балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны іх блізу 24 тысяч. У 40 працэнтаў з іх вада мае павышаную канцэнтрацыю нітратаў і нітрытаў, настойваюць эколагі. 

«Нажаль, ачысціць ад нітратаў (утрыманне іх у студні нестабільна) забруджаныя імі студні немагчыма, бо гэтыя рэчывы прыносяцца туды звонку грунтавымі водамі», — настойваюць у цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

Ваду, забруджаную нітратамі, нельга выкарыстоўваць у гатаванні ежы, а таксама не паіць ёю жывёлаў. Трапіўшы ў арганізм чалавека, нітраты ўплываюць на падстраўнікавую залозу, кішэчнік, а гэта вядзе да сур’ёзных хваробаў. У выпадку назапашвання такіх рэчываў зніжаецца насычэнне артэрыяльнай крыві кіслародам, развіваецца гіпаксія, узнікае кіслароднае галаданне.

Фота: zara.by

Фота: zara.by

У групе павышанай небяспекі ад атручвання нітратнымі злучэннямі дзеці, людзі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэмаў, цяжарныя, пажылыя з недастатковым забеспячэннем кіслародам органаў і тканак, а таксама асобы з пептычнай язвай або хранічным гастрытам.

Што рабіць, каб пазбегчы праблемы

Анлайн-часопіс ECOIDEA адзначае: якасць вады залежыць ад таго, што размешчана вакол калодзежа. Часта крыніцу нітратаў можна ліквідаваць самастойна: перанесці туалет ці месца ўтрымання хатняй жывёлы далей ад студні, зменшыць колькасць мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў, што выкарыстоўваюцца ў агародзе, ці зусім перастаць іх выкарыстоўваць.

«На некаторыя крыніцы забруджвання самастойна паўплываць складана, — пішуць эколагі, — гэта несанкцыянаваныя звалкі, склады пестыцыдаў, гнаявыя сцёкі. Нярэдка за павышаным утрыманнем нітратаў у цэлай вёсцы стаіць канкрэтная крыніца забруджвання».

Яны раяць правяраць любую не водаправодную ваду на ўтрыманне нітратаў. Іх канцэнтрацыя спраўджваецца спецыяльнай тэст-палоскай. Яе можна прыдбаць у спецыялізаваных крамах. Кошт набору да дзясятка штук ад 20 рублёў.

«Здаецца, і касманаўта збіраюцца высылаць у космас, а без старасвецкіх студняў быў бы апакаліпсіс»

Штодзень выпівайце на галодны страўнік шклянку гарачай вады

Металы, бактэрыі і рэшткі пластыку. Вось чаму лепей не піць вады ў бутэльках

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
11
Абуральна
10