Комплекс належыць грамадзянцы Германіі Біргіт Кляйн Альтэркамп (Birgit Klein Alterkamp) і яе ўласнасць абаронена двухбаковым пагадненнем аб абароне і заахвочванні інвестыцый (BIPPA).

Беларускую кампанію Zim GoldFields (ZGF) і кітайскую Young Tech Engineering (YTE) абвінавачваюць у распрацоўцы карысных выкапняў, у тым ліку рассыпнога золата побач з турыстычным комплексам. Пасля гэтага яны перанеслі распрацоўку і на зямлю, якая належыць нямецкай грамадзянцы. Сцвярджаецца, што гэта негатыўна паўплывала на турыстычны бізнэс.

Альтэркамп звярнулася ў Вярхоўны суд, які забараніў працягваць здабычу карысных выкапняў, аднак ZGF і YTE абскардзілі гэтае рашэнне і працягнулі работы.

«У адным з лістоў ZGF і YTE заявілі, што мы вусна далі ім дазвол на здабычу карысных выкапняў на нашай тэрыторыі, што з'яўляецца хлуснёй, і мы заявілі, што ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не праводзілася, што з'яўляецца патрабаваннем заканадаўства Зімбабвэ. ZGF і YTE адказалі, што ім не патрэбна такая ацэнка», — сказала ўладальніца турыстычнага комплексу.

Па словах Альтэркамп, 8 ліпеня 2022 года кампаніі пачалі здабычу карысных выкапняў на тэрыторыі, прылеглай да турыстычнага комплексу з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі.

«Шум, які вырабляецца гэтай цяжкай тэхнікай, непакоіў гасцей Musangano Lodge», — заявіла яна.

Альтэркамп звярнулася ў суд і 1 верасня Вярхоўны суд Мутары выдаў часовую забарону, якая прадпісвала спыніць здабычу. Беларускія і кітайскія золатаздабытчыкі апратэставалі забарону і, не чакаючы рашэння, 6 верасня з падвоенай сілай прыступілі да работ, каб паспець здабыць максімальную колькасць золата.

Прыватная кампанія Zim Goldfields Pvt Ltd не ўпершыню трапляе ў скандал. У лістападзе 2020 года мінімум два гарнякі загінулі ў шахце па здабычы золата на радовішчы, якое належыць Zim Goldfields.

У кастрычніку 2021 года беларускія расследавальнікі атрымалі доступ да архіва дакументаў з Pandora Papers і высветлілі, што ў красавіку 2018 года было заснаванае сумеснае прадпрыемства па здабычы золата Zim Goldfields Pvt Ltd, дзе праз некалькі пракладак Сяргей Шэйман і Аляксандр Зінгман атрымалі 70%. У маі 2018 года Zim Goldfields Pvt Ltd атрымала грант на пошук і здабычу золата.

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
31