Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 4 кастрычніка. Скрыншот

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 4 кастрычніка. Скрыншот

Размовы пра мабілізацыю ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў фэйкам. Але ў той жа час ён анансаваў нейкую праверку ваеннаабавязаных.

«Праз ваенкаматы мы … будзем правяраць ваеннаабавязаны склад, усіх ваеннаабавязаных, якія лічацца ў нас у запасе. Трэба ў кожным раёне без усякага гвалту, без шуму. Тое, што я вам і даручаў. Скончыцца ўборачная кампанія, акуратненька трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасць і ўдакладніць усе нашы матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў неабходнасць гэтага ўрокамі расійскай мабілізацыі і падкрэсліваў, што «мы заўсёды гэта рабілі», але гэта лжывае сцвярджэнне. Такога кшталту праверак у Беларусі раней не праводзілася.

«Як толькі ў Расіі абвясцілі мабілізацыю, мы бачым, якія там хібы. Не будзем залазіць у сутнасць пытання — гэта справа Расійскай Федэрацыі, як праводзіць мабілізацыю. Але калі разаслалі позвы, сіх-тых людзей на месцы не аказалася ў Расіі. Хтосьці памёр, хтосьці збег, хтосьці хворы немаведама на што, і гэтак далей. Гэта для нас навука, — сказаў Лукашэнка. — Яшчэ раз падкрэсліваю: хтосьці хворы, хтосьці кульгавы, хтосьці памёр, хто выехаў… Розныя могуць быць сітуацыі. І мы павінны бачыць, што мы маем на сённяшні дзень. Гэта ніякага дачынення да мабілізацыі не мае. Мы заўсёды гэта рабілі».

«А да вайны рыхтуемся, бо ўсякае можа быць, — сказаў кіраўнік беларускай адміністрацыі.

— Таму вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. І перш за ўсё вучыцца вайсковай справе сапраўдным чынам. Такія лозунгі ў нас заўсёды былі. Вось мы і будзем вучыцца».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў у гэтым плане не звяртаць увагі на тое, што скажуць у сувязі з гэтым: «Ах, мы там пачалі праверку ў нейкім ваенкамаце нашых рэзервістаў … правяралі і будзем правяраць! Але гэта не для таго, каб іх кудысьці накіроўваць кагосьці забіваць. Я не апраўдваюся, але я хачу, каб вы гэта разумелі», — шматслоўна апраўдваў сваё рашэнне ён.

Клас
0
Панылы сорам
20
Ха-ха
9
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
59