Сёлета прэмію па хіміі, гэтак жа, як і па фізіцы, атрымалі адразу трое навукоўцаў. Як адзначана ў прэс-рэлізе Нобелеўскага камітэта, амерыканец Бары Шарплес і датчанін Мортэн Мелдал уганараваныя за тое, што «заклалі аснову для функцыянальнай формы хіміі — клік-хіміі — у якой малекулярныя будаўнічыя блокі хутка і эфектыўна злучаюцца». А амерыканка Кэралін Бертоцы «вывела клік-хімію на новы ўзровень і пачала выкарыстоўваць яе ў жывых арганізмах».

Клік-хіміяй называюць раздзел навукі, у якім вывучаюцца спосабы злучэння разрозненых малекул у адно цэлае. Гэтую назву доктар Шарплес прыдумаў у 2000 годзе.

«Гэта пра тое, каб злучаць малекулы разам, — кажа старшыня Нобелеўскага камітэта па хіміі. — Уявіце, што вы можаце прымацаваць невялікія хімічныя зашпількі да розных тыпаў будаўнічых блокаў. Тады вы маглі б злучыць гэтыя зашпількі разам і вырабляць малекулы большай складанасці і разнастайнасці».

Неўзабаве пасля таго, як доктар Шарплес высунуў гэтую канцэпцыю, ён і доктар Мелдал незалежна адзін ад аднаго адкрылі хімічную рэакцыю, названую азід-алкінавым цыкладалучэннем з выкарыстаннем меднага каталізатара. Сёння гэта лічыцца жамчужынай клік-хіміі.

«Калі гэтая рэакцыя была выяўленая, гэта было падобна на адкрыццё шлюза, — кажа адзін з сяброў Нобелеўскага камітэта. — Мы выкарыстоўвалі яе ўсюды, каб будаваць усё».

Доктар Бертоцы, хімік і прафесар Стэнфардскага універсітэта, змагла дастасаваць гэтую рэакцыю да біямалекул, якія часта сустракаюцца на клеткавых паверхнях і ў жывых арганізмах, не закранаючы хімічны склад клетак, за якімі яна назірала.

Па словах сябра камітэта, яе праца зрабіла рэвалюцыю ў тым, як мы можам аналізаваць і бачыць малекулы ў жывым целе. Вынікі яе даследванняў сёння шырока прымяняюцца ў фармацэўтычных распрацоўках у галіне раку, для працы з ДНК і ў матэрыялазнаўстве.

«Сфера клік-хіміі ўсё яшчэ знаходзіцца на ранніх стадыях», — кажа доктар Бертоцы ў тэлефоннай размове з NYT, і дадае, што яшчэ «трэба адкрыць і вынайсці шмат новых рэакцый», для ўжывання ў такіх галінах, як біятэхналогія, лячэнне і дыягностыка хвароб.

Але ўжо сёння клік-хімію можна выкарыстоўваць для стварэння лекаў, палімераў, новых матэрыялаў і многіх іншых рэчаў.

Асабліва доктар Бертоцы падкрэслівае важнасць клік-тэрапіі для медыцыны і «дастаўкі лекаў» у арганізме, то бок «правядзення хіміі ўнутры жывых пацыентаў, каб пераканацца, што лекі трапляюць у патрэбнае месца».

Асобна камітэт адзначае, што доктар Бертоцы — восьмая жанчына, якая атрымала прэмію, а доктар Шарплес — пяты навуковец, які атрымаў дзве Нобелеўскія прэміі.

Чытайце таксама:

«Квантавая заблытанасць»: за што тройцы навукоўцаў далі Нобелеўскую прэмію па фізіцы

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0