У ноч на 26 верасня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбыўся пажар, абставіны якога дагэтуль незразумелыя. Пасля гэтага храм, у якім згарэла адна толькі драўляная лава, зачынілі для наведванняў.

Згодна з афіцыйнай версіяй, пажар здарыўся праз тое, што загарэлася праводка. Тым не менш, прыкладна ў час здарэння ля вокнаў касцёла відавочцы бачылі нейкі рух і чулі грукат, а пазней некалькі з іх аказаліся разбітыя з незразумелых прычын. Парафіяне лічаць, што насамрэч храм маглі падпаліць — нехта проста мог кінуць праз акно ўнутр нешта запальвальнае. Не менш дзіўным было і тое, што будынак цалкам зачынілі пасля пажару, хаця можна было абгарадзіць памяшканне, дзе адбылося здарэнне, і далей карыстацца храмам.

Як расказалі «Нашай Ніве» ў працоўнай групе «Хрысціянская візія», за час, што мінуў з пажару, у храме праходзіла праверка МНС. Наколькі аб’ектыўная гэта праверка — пытанне. Так ці інакш,

супрацоўнікі МНС прызналі, што касцёл знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе рамонту, і з гэтай нагоды цяпер забіраюць касцёл у вернікаў. Справа ў тым, што будынак афіцыйна належыць дзяржаве, а парафія карыстаецца ім на аснове дамовы бязвыплатнага карыстання.

У 2013 годзе будынак касцёла быў замацаваны за КУП «Мінская спадчына». З 2019 года, то-бок пасля заканчэння рэканструкцыі храма, гэтая арганізацыя налічвала касцёлу рахункі на амартызацыю, зямельны падатак і камуналку, сама ж парафія лічыла патрабаванні дзяржавы несправядлівымі, бо культавыя будынкі могуць быць вызваленыя ад падаткаў. На 2021 год памер доўгу касцёла перад «Мінскай спадчынай» складаў 350 тысяч рублёў, і менавіта гэтая арганізацыя цяпер апавясціла вернікаў аб скасаванні дамовы карыстання.

Па інфармацыі «Хрысціянскай візіі», ад парафіі цяпер патрабуюць на працягу некалькіх дзён забраць маёмасць з храма.

Тым не менш, вернікі рыхтуюць свой адказ і спадзяваюцца, што ўсё атрымаецца вырашыць. Калі ж не, то іншага памяшкання для малітваў у парафіян цяпер няма, а маліцца на вуліцы ім наўрад ці дазволяць: такая вулічная малітва скончылася для пастараў Вячаслава Ганчарэнкі і Антонія Бокуна вялікімі штрафамі.

Цяпер многае залежыць ад таго, як павядуць сябе вернікі, прыход, кіраўніцтва касцёла, Ватыкан і ўсё беларускае грамадства. 

Ксёндз Вячаслаў Барок рэзка адрэагаваў на навіну пра тое, што храм забіраюць у вернікаў.

«Рэжым далей мацае лініі, дзе праходзіць мяжа дазволенага і дакуль беларусы будуць цярпець беззаконне. Пасягненне на будынак касцёла было прадказальным, далей можам чакаць яшчэ больш масавых рэпрэсій духавенства».

Чытачка «Нашай Нівы» дазванілася ў прыёмную ўпаўнаважанага па пытаннях рэлігій пры Мінгарвыканкаме, але там ёй не змаглі адказаць, што адбываецца з касцёлам. Жанчыну запэўнілі, што храм хутка адкрыецца.

Прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі, Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч ужо займаецца сітуацыяй з Касцёлам святых Сымона і Алены, піша «Зеркала».

«Канечне, сітуацыя складаная, і, канечне, яго эксцэленцыя гэтым займаецца», — адказалі на пытанні вернікаў, якія патэлефанавалі ў нунцыятуру.

«Бачылі праз шыбу агонь і спецыяльна выбілі». Дзіўны пажар у Чырвоным касцёле. І чаму храм закрылі?

Супрацоўнікі МНС каталікам з Чырвонага касцёла: «Нашы звычайна не разбіваюць вокнаў падчас пажару»

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
50