Ірына Леўшына на абвяшчэнні прысуду

Ірына Леўшына на абвяшчэнні прысуду

Найперш хачу падзякаваць свайму абаронцы, які аргументаваў маю невінаватасць з юрыдычнага пункту гледжання. Я ж хачу выказаць сваё чыста чалавечае стаўленне да таго, што адбываецца.

Ужо больш за год я жыву ў следчым ізалятары. Ужо больш за год я назіраю, як рэдакцыю, у якой я прапрацавала амаль 30 гадоў, спрабуюць выставіць экстрэмісцкім фармаваннем, а мяне — яго стваральнікам і кіраўніком. Гэта поўнае трызненне, але гэта не дзіўна.

За апошнія паўтара года ў Беларусі знішчаныя дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, сотні журналістаў пазбавіліся працы або вымушаныя былі з'ехаць з краіны, баючыся крымінальнага пераследу.

Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагоддзі. Нехта відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 20-м годзе.

Вось толькі мы ні да чаго не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасць была круцейшай за любую выдумку. Упершыню за ўсе гады маёй працы нашы журналісты вымушаныя былі працаваць у бронекамізэльках — таму што ў іх прыцэльна стралялі гумовымі кулямі і кідалі светлашумавыя гранаты, гэтаму ёсць дакументальныя пацвярджэнні.

Мы асвятлялі ўсё, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, прычым асвятлялі аб'ектыўна — расказвалі як пра збіццё мірных дэманстрантаў, так і пра траўмаваных сілавікоў, як пра шматтысячныя мітынгі Святланы Ціханоўскай, так і пра шматлікія публічныя выступленні Лукашэнкі.

Мне ставіцца ў віну публікацыя на сайтах БелаПАН артыкулаў аўтараў, чые меркаванні не адпавядалі афіцыйным устаноўкам. Але хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што згодна з законам Рэспублікі Беларусь аб СМІ, разнастайнасць меркаванняў — гэта адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Цытую арт. 4 закона: «Сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць свабоднае выказванне і распаўсюджванне меркаванняў і поглядаў у грамадстве», цэнзура СМІ з боку дзяржорганаў не дапускаецца.

Ва ўсім свеце прэсу называюць «чацвёртай уладай», таму што яна дапамагае выяўляць праблемы і слабыя месцы ў грамадстве, а значыць — садзейнічае іх вырашэнню і ў выніку робіць жыццё людзей лепшым.

Але ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, з журналістаў вырашылі зрабіць абслугу. Струмень дэзынфармацыі, нянавісці, абраз, нізкапробнага падхалімажу, які льецца сёння з дзяржаўных тэлеканалаў і друкаваных СМІ, зашкальвае і не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Раю праваахоўнікам паглядзець хаця б аўтарскую перадачу таго ж Рыгора Азаронка — там па кожным выпуску можна заводзіць справы адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: за паклёп, абразу, распальванне нянавісці.

Але не. У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ.

Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда — яна адна.

Я не прашу суд аб паблажлівасці, яна мне не патрэбная. Бо я лічу сябе невінаватай. Я ганаруся тым, што столькі гадоў працавала ў крутой камандзе журналістаў і была іх галоўным рэдактарам. Я ганаруся тым, што тут і цяпер знаходжуся са сваімі так званымі саўдзельнікамі — сумленнымі, годнымі, разумнымі людзьмі: Андрэем Аляксандравым, Дзімам Наважылавым, Ірай Злобінай.

Яшчэ частку маіх калег вы маглі бачыць у судовым працэсе, яны выступалі ў якасці сведкаў. Яны былі падобныя да злачынцаў? Усе яны заяўлялі, што БелаПАН — гэта калектыў журналістаў, а не экстрэмістаў. Верыць ці не — гэта сфера вашай адказнасці, службовай і чалавечай.

Пра час, у які мы жывём, прынята казаць: лес сякуць — трэскі ляцяць. Толькі мы не трэскі, мы жывыя людзі. Заклікаю вас задумацца над гэтым. А БелаПАН — ён вернецца ў Беларусь. Як і іншыя разгромленыя прафесійныя СМІ. Перыяд цемрашальства пройдзе, як праходзіць усё благое.

Хваля барацьбы з іншадумствам схлыне, таму што ніхто не мае права прымусіць мільёны людзей скакаць пад адну дудку, нават з дапамогай дубін ГУБАЗіКа і сфабрыкаваных крымінальных спраў.

Запыт грамадства на годнае, бяспечнае жыццё, як і на якасную прафесійную журналістыку, быў, ёсць і будзе.

Дзяржабвінаваўца прапануе мне пажыць яшчэ некалькі гадоў у турме. Ну ок. Сёння там можна сустрэць мноства найгоднейшых людзей: журналістаў, сацыёлагаў, філосафаў, праваабаронцаў, лекараў, настаўнікаў, банкіраў, адвакатаў, былых следчых і нават пракурораў. А, скажам так, традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій. Вельмі своечасова і правільна, я лічу. Так што, па сутнасці, я працягну працаваць журналістам: распаўсюджваць інфармацыю вусна. У любых умовах. Краты мяне не спыняць, гэта дакладна. Як і маіх калег.

Падводзячы вынік, хачу сказаць: усё, што тут адбываецца, — гэта расправа над БелаПАН за сумленную журналістыку, якая ў момант гістарычных перамен у нашай краіне раптам прыйшлася некаму недаспадобы.

Клас
28
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2