Фота: MuniRapaNui / Facebook
Пажар закрануў тэрыторыю каля патухлага вулкана Рана-Рараку, на схілах якога знаходзіцца частка статуй.
Агонь нанёс «непапраўную шкоду» каменным балванам, паведаміў у Facebook муніцыпалітэт Рапа-Нуі.
Лясны пажар на востраве пачаўся 4 кастрычніка, пад вечар наступнага дня яго патушылі. Агонь распаўсюдзіўся на плошчы 100 га і дасягнуў унутранага схілу патухлага вулкана Рана-Рараку, дзе знаходзіцца частка статуй.
Як паведамілі мясцовыя ўлады, ад пажару пацярпелі амаль 30 балванаў. Усяго ў раёне Рана-Рараку іх 386 — 265 звонку і 121 ўнутры вулкана.
Усяго іх на востраве амаль тысяча. Гэтыя каменныя статуі вырабіла ў перыяд прыкладна з 1400 г. да 1650 г. мясцовае племя рапануі.
Вышыня большасці мааі — каля 4 метраў, а самы вялікі з іх узвышаецца на 10 метраў і важыць 74 тоны.
Востраў Пасхі адкрыўся для турыстаў пасля кавіднага каранціну ўсяго тры месяцы таму. Цяпер частка яго тэрыторыі зноў закрытая — спецыялісты аглядаюць статуі і высвятляюць, наколькі сур'ёзна яны пацярпелі.
Востраў Пасхі знаходзіцца ў Ціхім акіяне за 3,7 тыс. км ад узбярэжжа кантынентальнай часткі Чылі. У 1995 годзе нацыянальны парк Рапануі быў уключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.





