Рэструктурызацыя і рэбрэндынг IBA і Adani
Як мінімум дзве вядомыя кампаніі рэструктуравалі і/або перайменавалі свае бізнэсы ў Беларусі: аўтсорс-распрацоўшчык IBA Group (штат у 2021 годзе — 2380 чалавек) і вытворца медыцынскай тэхнікі і сістэм бяспекі Adani (штат у Беларусі — 500+ чалавек).
Абедзве кампаніі даволі актыўна супрацоўнічалі з дзяржаўнымі органамі і прадпрыемствамі Беларусі. Аляксандр Лукашэнка даручаў дырэктару Adani Уладзіміру Лінёву «ўзяць на кантроль забеспячэнне апаратамі медустаноў», а IBA Group выконвае дзяржзаказы для падатковай і распрацоўвае праграмы для гарадскога транспарту.
Цяпер адно з падраздзяленняў IBA у Беларусі называецца «Міжнародны дзелавы альянс». Пры гэтым сайт кампаніі застаўся па ранейшым адрасе — iba.by. Напісана, што «альянс» — гэта «група ІТ-кампаній, у якую ўваходзяць кампаніі з Беларусі і Расіі».
Мяркуючы па інфармацыі з ЕГР, юрыдычная асоба «Міжнародны дзелавы альянс» існуе з 2001 года. Раней такую назву насіў магілёўскі філіял IBA Group.
«Міжнародны дзелавы альянс» увайшоў у ПВТ у бягучым годзе.
На глабальным сайце IBA Group няма офісаў у Беларусі і Расіі.
Прэс-служба «Міжнароднага дзелавога альянсу» пацвердзіла dev.by, што IBA Group выйшла са складу заснавальнікаў кампаніі ў 2022 годзе.
«Так, з 2022 года IBA Group выйшла са складу заснавальнікаў МДА, але гэта ніяк не ўплывае ні на бягучыя абавязацельствы перад нашымі кліентамі і супрацоўнікамі, ні на планы па развіцці. Асноўны напрамак нашага бізнэсу быў і застаецца нязменным: прадастаўленне гатовых рашэнняў і заказная распрацоўка праграмнага забеспячэння для кліентаў з Беларусі. У верасні 2022 года кампанія «Міжнародны дзелавы альянс» атрымала статус рэзідэнта ПВТ, каб выкарыстоўваць спецыяльны прававы рэжым для пашырэння магчымасцей для бізнесу. Акрамя таго, у нас ёсць планы па пашырэнні штату ІТ-спецыялістаў, у тым ліку за кошт выпускнікоў профільных навучальных устаноў».— дала каментарый dev.by прэс-служба кампаніі.
Пры гэтым у выпісках яшчэ двух афіляваных юрыдычных асоб — замежнага прадпрыемства «АйБиЭй АйТи Парк» і ТАА «ІВА-Гомель-Парк» (рэзідэнты ПВТ) — няма свежых змяненняў у 2022 годзе.
Тым часам Adani мяняе ўжо трэцюю назву за апошнія два гады.
Першапачаткова кампанія Лінёва ў Беларусі называлася ЗАТ «Адані Тэхноладжыс». У 2021 годзе назву памянялі — на ЗАТ «Даследчы і інавацыйны цэнтр Лінёва». На міжнародным рынку яна стала звацца Linev Group. Але праходзіць год — і назву зноў мяняюць. Цяпер на заходнім рынку прадпрыемства называецца Linev Systems, а на рынку Расіі і Беларусі — «Адвін».
Агульную блытаніну падкрэслівае той факт, што ў кампаніі тры сайты: adanisystems.com (на самім сайце кампанія называецца Linev Systems), linevgroup.com і advin.by. Прычым на апошнім няма адраса беларускага офіса, а толькі адрас расійскага.
Дрэнная рэпутацыя дамена by
Найбольш распаўсюджаны спосаб схаваць сувязь з краінай — выдаліць інфармацыю пра беларускія офісы з афіцыйнага сайта кампаніі і пераехаць на міжнародны дамен.
EPAM і Wargaming выдалілі беларускія старонкі са сваіх сайтаў у першыя тыдні пасля пачатку вайны. Цяпер старонка epam.by аўтаматычна пераадрасоўвае карыстальніка на epam.com.
Рускамоўны сайт найстарэйшай ІТ-кампаніі Беларусі ScienceSoft (штат у Беларусі ў 2021 годзе — 620 чалавек) цяпер называецца scnsoft.team — на яго аўтаматычна перанакіроўвае стары сайт scnsoft.by. На глабальным сайце — scnsoft.com — офісы ў Беларусі не згадваюцца (у Еўропе кампанія працуе яшчэ ў Латвіі, Фінляндыі і Грузіі).
Больш няма сайта vrpconsulting.by, хаця на афіцыйнай старонцы VRP (штат у 2021 годзе — 620 чалавек) у фэйсбуку такі сайт дагэтуль значыцца. Рускамоўная старонка ў фэйсбуку кампаніі не абнаўляецца з 22 лютага. На глабальным сайце кампаніі офісы ў Беларусі не згадваюцца.
Беларускі сайт Softeq Development (штат у 2021 годзе — 280 чалавек) — softeq.by — цяпер вядзе на глабальны сайт з вакансіямі кампаніі (у Беларусі вакансій няма).
На сайтах буйных кампаній Andersen, Innowise Group, Qulix беларускіх лакацый больш няма.
Відаць, «падчысціў» беларускі след і распрацоўшчык сістэм відэаназірання Synesis (знаходзіцца пад санкцыямі ЕС). У сакавіку кампанія выдаліла з сайта ўсе ўласныя «абвяржэнні» пра Kipod і санкцыі. Цяпер на сайтах synesis-group.com і synesis.ru кампанія пазіцыянуецца як расійская, з адзіным офісам і вакансіямі ў Маскве. На сайце synesis.by няма ніякай інфармацыі пра офісы ў Беларусі, толькі састарэлыя навіны. Калі менавіта «беларуская» інфармацыя знікла, невядома.





