Паводле прапагандыста, нядаўнія словы Лукашэнкі, што беларускія вайсковыя фармаванні за мяжой «пацешныя» — праўда, і ніхто гэтаму рэжыму, маўляў, не страшны. Адзіныя, хто ў Тура выклікае жах — «дыверсанты, адзінкавыя выканаўцы, якіх нялёгка выявіць у тыле».
У нас, маўляў, спробы дыверсій накшталт падрыву Крымскага моста — ледзь не будзённасць. Але «ў Беларусі ёсць сотні, тысячы афіцэраў, якія некалькі гадоў жывуць у рэжыме павышанай боегатоўнасці, не спяць толкам, не бачаць жонак і дзяцей, 24/7 у гатоўнасці — каб у нас, беларусы, такога не здаралася». А не чуем мы пра іх подзвігі толькі таму, што нас такім чынам зберагаюць ад панікі. І ніколі мы пра гэтых самаахвярных байцоў не даведаемся, бо яны «без права на славу».
І дзеля наяўнасці сярод нас такіх байцоў, як мяркуе Тур, беларусы павінны навекі адмовіцца ад права на нейкія свабоды і ўласную думку, стаць бязмоўнымі і паслухмянымі выканаўцамі: «Калі вам кажуць, што «ў мэтах вашай бяспекі, вы павінны зрабіць…» — закрыйце свой рот і рабіце».
Далей ён дзеліцца сваёй мадэллю краіны, у якой чалавек можа камфортна і спакойна жыць, пачуваючыся цалкам бяспечна:
«Сумнеўныя асобы блынтаюцца ля чыгуначных шляхоў і не рэагуюць на «Стаяць!» — агонь на паражэнне.
Машына рухаецца да моста і ігнаруе «люстру» ДАІ — агонь на паражэнне.
Нейкія «грыбнікі» у лясах на поўдні блынтаюцца і загад «Рукі ўверх!» не выканалі — агонь на паражэнне.
У метро, на прахадной прадпрыемства, проста на вуліцы адмова або прамаруджванне ў выкананні патрабавання надгляду сумкі — папераджальны, а затым — агонь на паражэнне.
Пры адпрацоўцы месца жыхарства экстрэміста-каментатара не адчыняюць дзверы? Выносіць дзверы і максімальна жорстка класці ўсіх тварам у падлогу, любы незразумелы прадмет у руках — агонь на паражэнне».
У выпадку ж, калі гэта ўсё было зроблена без належных на тое падстаў — «папрасіць прабачэння, патлумачыць, што так робіцца для вашай жа бяспекі, і пажадаць добрага дня».
Напрыканцы Тур звяртаецца са слёзнай просьбай да кіраўніка суседняй краіны:
«Уладзімір Уладзіміравіч, родненькі — страляй жа! Вайны, поўнамаштабнай і той, якая ўжо не СВА, ніхто ў здаровым розуме не хоча. Але, здаецца, ужо дастаткова даўно — вайна дык вайна. Як бы страшна ні было».
Урэшце, калі Пуцін яго пакліча, абяцае падняцца з канапы і сам. Маўляў, «навыкі абыходжання з аўтаматам не страчаныя, веды па ВУС не забытыя».





