Што там на сёння важнага ў Беларусі і свеце?
Калі верыць БелТА і «Советской Белоруссіі», галоўная навіна — гэта заўсёды Аляксандр Лукашэнка. Тут жа і Наталля Качанава з новымі банальнасцямі, а таксама Пакроўскі праваслаўны фестываль.
Сярод галоўных навін на БелТА, «Советской Белоруссіі» і «Звяздзе» ўдару па Крымскім мосце, які ў свеце ацэньваюць як новы паваротны момант у вайне Расіі супраць Украіны, няма.
Толькі сайт АНТ аддае гэтаму здарэнню галоўную паласу.
У вялікім матэрыяле тэлеканала на падзею глядзяць расійскімі вачыма. Прыводзяцца меркаванні толькі расійскіх экспертаў, украінскім слова не даюць.
У матэрыяле не згадваецца, што Украіна і сусветная супольнасць лічаць Крым незаконна анексаванай часткай Украіны і што Крымскі мост — адна з галоўных артэрый забеспячэння расійскай арміі, што спрабуе захапіць Украіну.
«Жахлівы і сам факт тэракту, і блюзнерская і беспрынцыповая рэакцыя шэрагу заходніх палітыкаў», — кажа лукашэнкаўскі канал.
Ні адзін лукашэнкаўскі СМІ не паведамляе пра расійскія абстрэлы Харкава і Запарожжа.
Інфармацыя агенцтва БелТА пра падрыў моста абмяжоўваецца паведамленнем з шасці сказаў са спасылкай на РІА «Новості».
У іншым артыкуле дня БелТА піша пра «вялікую колькасць НАТАўскай тэхнікі каля граніц Херсонскай вобласці», разглядаючы гэты рэгіён як расійскі.
А праграма «Клуб рэдактараў» на Беларусь-1 была прысвечаная асуджэнню і высмейванню прэзідэнта Зяленскага.
Такім чынам, і пасля правалу расійскага бліцкрыга і пачатку контрнаступу Украіны Мінск працягвае стаяць на пазіцыях расчлянення Украіны і адмаўлення яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.





