Ядзерныя выпрабаванні ў 1952 годзе 

Ядзерныя выпрабаванні ў 1952 годзе 

Мік Маран лічыць, што рызыка таго, што Пуцін прыменіць ядзерную зброю ва Украіне, перабольшаная. Выдаткі і наступствы для Расіі пераважваюць магчымыя выгады, таму ён лічыць гэта блефам.

Па словах Міка Марана, эстонская разведка значна раней інфармавала заходніх партнёраў аб магчымым уварванні Расіі ва Украіну і за 10 дзён да ўварвання апублікавала даследаванне пад назвай «Расія гатовая да вайны». Некаторыя саюзнікі лічылі гэта тыповай «балтыйскай антырасійскай апантанасцю».

— Мы перавыхавалі або навучылі некаторых нашых партнёраў. Цяпер гэта больш падобна на абмеркаванне і параўнанне запісаў паміж рознымі службамі. Гэта прыемнае пачуццё, — кажа Маран.

Маран нагадвае, што напад на Украіну і поспехі на полі бою «ненаўмысна» ўмацавалі бяспеку Эстоніі і НАТА, бо расійская армія ў найбліжэйшы час не будзе здольная на якую-небудзь буйную аперацыю. Акрамя таго, узрасла мабілізацыя членаў НАТА. Прэзідэнт Джо Байдэн нядаўна паўтарыў, што амерыканскія вайскоўцы будуць абараняць «кожную пядзю» зямлі альянсу.

Кіраўнік эстонскай разведкі раскрытыкаваў марудлівасць заходніх лідараў у адпраўцы ва Украіну цяжкіх наступальных узбраенняў:

— Захад павінен пазбавіцца гэтага самаабмежавання, што мы быццам бы павінны абмежаваць сістэмы зброі або боепрыпасы васьмюдзесяцю кіламетрамі або сарака кіламетрамі. Уся адпраўленая НАТА зброя цяпер праходзіць вайсковыя выпрабаванні. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб даць Украіне тое, што яна просіць.

Шанцы Украіны на перамогу

З самага пачатку эстонская разведка ацэньвала магчымасці Кіева вышэй, чым многія іншыя выведвальныя службы ў НАТА, якія прадказвалі развал арміі Украіны, страту яе вайскова-паветраных сілаў і партызанскую вайну.

Між тым няўдачы Расіі на фронце і поспехі Украіны прымусілі некаторых заходніх палітыкаў, уключаючы канцлера Германіі Олафа Шольца і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, націснуць на Украіну, каб яна пачала мірныя перамовы з Расіяй. Нядаўна да іх далучыліся Ілан Маск і Папа Рымскі Францішак, якія заклікалі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага да перамоваў з Масквой:

— Наша праца як разведвальнай службы ў тым, каб даваць правільную ацэнку інфармацыі нашаму кіраўніцтву. І наша ацэнка такая: мы не павінны прымушаць Украіну да якіх-небудзь перамоваў, бо гэта створыць уражанне, што ўсё ідзе па плану Пуціна.

«Ядзерная гульня» Уладзіміра Пуціна

Некаторы час таму Джо Байдэн заявіў, што апошні раз імавернасць прымянення ядзернай зброі была такой высокай падчас кубінскага ракетнага крызісу. У 1962 годзе СССР хацеў паставіць боегалоўкі на Кубе, кіраванай Фідэлем Кастра, пагражаючы ЗША:

— Па-першае, я ўпэўнены, што ўсе асноўныя службы сочаць за сітуацыяй у Расіі вакол ядзерных запасаў. Ядзерная моц НАТА гатовая справіцца з гэтым сцэнаром. Па-другое, я б сказаў, што нават Кітай і Індыя будуць мець даволі рэзкі адказ, прынамсі, на словах, у выпадку, калі Расія падарве ядзерную бомбу. У гэтым выпадку Пуцін рызыкуе страціць сваіх адзіных сяброў.

Чым скончыцца вайна?

Маран упэўнены, што ўварванне Расіі ва Украіну скончыцца перамогай Украіны. Незразумела толькі, калі і што гэта будзе значыць на практыцы, бо Расія можа доўгі час прыцягваць рэзервістаў:

— Яны павінны перамагчы, бо для Украіны гэта вайна за незалежнасць. Гэта не проста рэгіянальны канфлікт, і таму яны вельмі матываваныя.

Хто такі Мік Маран?

Мік Маран, які нарадзіўся ў 1978 годзе — эстонскі дзяржаўны службовец. З 2016 па 2022 год ён займаў пасаду кіраўніка разведкі Эстоніі. З 1 лістапада 2022 года ён будзе займаць пасаду генеральнага дырэктара Дзяржаўнага цэнтра кіравання лясной гаспадаркай. Гэта дзяржаўная ўстанова, якая клапоціцца пра лясы Эстоніі (яны займаюць больш за 30 працэнтаў тэрыторыі краіны).

Чытайце яшчэ:

Калі заўтра ядзерны ўдар. Пяць сцэнарыяў прымянення Пуціным зброі масавага знішчэння, наступствы і варыянты адказу НАТА

Экс-дырэктар ЦРУ: ЗША знішчаць усю расійскую тэхніку ва Украіне і «кожны карабель у Чорным моры», калі Пуцін прыменіць ядзерную зброю

Клас
68
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
14