Сойка распавёў, што ў першай палове года прадпрыемства сутыкнулася з закрыццём асобных традыцыйных рынкаў, зніжала загрузку, назапашвала гатовую прадукцыю, працавала са стратамі і дэфіцытам абаротных сродкаў.

З чэрвеня, паводле гендырэктара, пачаўся пералом, «удалося наладзіць устойлівыя каналы рэалізацыі прадукцыі».

— Рост аб'ёмаў рэалізацыі дазволіў нам павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі нафты. У трэцім квартале быў невялікі прырост, усяго 10%. Але ўлічваючы, што мы распрадавалі назапашаную прадукцыю, гэта таксама нядрэнны вынік, — кажа ён.

Пачынаючы з чэрвеня прадпрыемства штомесяц працуе прыбыткова і скарачае страты, якія былі назапашаныя ў першым паўгоддзі. 

— Мы ўжо павялічылі нагрузку па перапрацоўцы нафты. У верасні мы перапрацавалі каля 380 тысяч тон. У наступным месяцы «Нафтан» плануе перапрацаваць каля 570 тысяч тон сыравіны. Мы зможам да канца года працягваць працаваць прыбыткова, ажыццяўляць выплаты, прадугледжаныя калектыўнай дамовай. Работнікі атрымаюць узнагароджанні па выніках работы за 2021 год, матэрыяльную дапамогу да новага года, выплату за выкананне аховы працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

Паводле гендырэктара, такія паказчыкі — гэта «вынік агульнай зладжанай працы ўсяго калектыву».

— У гэтым годзе праведзеная вялікая работа па зніжэнні затрат. Наша праграма мяркуе атрыманне эфекту ў 57 млн. рублёў у 2022-м. Наш вынік ужо складае 41 млн рублёў. Не выклікае сумневаў тое, што мы зможам выйсці на заяўлены паказчык. Асабліва падкрэслю, што нашаму нафтахімічнаму комплексу

была аказаная беспрэцэдэнтная дапамога з боку дзяржавы, якая выражалася ў прадастаўленні падатковых ільгот і падатковых крэдытаў, фінансаванні нашай бягучай дзейнасці, у рэгуляванні цэн на паліва.

У выніку ўсіх гэтых мер удалося стабілізаваць працу прадпрыемства. Спадзяваюся, што чацвёрты квартал стане для нас паспяховым. І калектыў выканае ўсталяваныя мэтавыя паказчыкі, — кажа ён.

«Нафтан» апынуўся ў ліку кампаній, якія трапілі пад санкцыі ЗША, якія ўступілі ў сілу 3 чэрвеня 2021 года.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1