Учора Лукашэнка паведаміў аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў з Расіяй «у сувязі з абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы».

«І дзе цяпер тыя, хто казаў, што «які б ні быў Лукашэнка, але ён гарант нашага суверэнітэту і ўмее круціцца паміж Захадам і Усходам»? Дзе яны? Ці яны суцяшаюцца пахабнымі словамі: «Каб неверагодныя не распачалі усё вось гэта ў 2020-м, то ўсё было б нармальна»?» — напісаў Лявон Вольскі ў Facebook.

«Наша Ніва» пагутарыла з музыкам паводле яго публікацыі. Лявон тлумачыць сваю думку:

«Мы цалкам знаходзімся ў залежнасці ад усходняга суседа — не адзін год і не адно дзесяцігоддзе. І гэтая залежнасць вельмі небяспечная, паколькі сам сусед — страшна небяспечны.

Мы ведаем, што ўсё ішло да гэтага, што наша кіраўніцтва, на мой погляд, усё жыццё марыла быць кіраўніцтвам гэтага самага суседа. Таму былі ўсе гэтыя папулісцкія захады, разлічаныя таксама на Расію».

Паводле Лявона Вольскага, адсутнасць мяжы паміж краінамі, максімальна спрыяльныя для гандлю ўмовы (чаго не скажаш пра Захад) давала ўсведамленне, што «такі «гарант» ніякіх гарантый не дасць».

«А тут пачынаюцца нейкія канспіралагічныя тэорыі пра тое, што «вось каб прыйшлі іншыя людзі, то было б яшчэ горай». Але ж яны не прыйшлі, таму недарэчна пра гэта разважаць. І яшчэ падымаюцца больш канспіралагічныя тэорыі, што ўсё гэта было адпачатку спланавана Масквой, у тым ліку і 2020 год. Тым болей, што такое пішуць людзі з пэўнага кола, і я нават здзівіўся, што ў нас ёсць такая «секта».

Вольскі адзначае, што перад выбарамі 2020 года былі такія галасы, якія вырашылі галасаваць за Лукашэнку, таму што ён, маўляў, адзіны гарант незалежнасці, а ўсё астатняе — «рука Масквы».

«Хаця чамусьці на выбарах у 2010-м «рукой Масквы» палічылі Уладзіміра Някляева».

Таксама ў публікацыі Лявона Вольскага прагучала тэза пра тых, хто вінаваціць пратэст у сучасных праблемах Беларусі. Сапраўды ж, некаторыя людзі бесклапотна жылі па-за палітыкай, атрымлівалі візы і спакойна куплялі крэмы Nivea. Да 2020 году у іх усё было добра.

«Дык гэтыя людзі і прывялі да такой сітуацыі. Тыя, хто ездзіў за мяжу, купляў крэмы Nivea, ці купляў нешта за мяжой, а пасля перапрадаваў у Беларусі. Тыя, якім здавалася, што яны па-за палітыкай і ўсё нармальна».

Паводле музыкі, гэтыя людзі за шмат гадоў узгадавалі такога Лукашэнку, якога мы маем, бо пагаджаліся і мірыліся з гэтай сітуацыяй і будавалі свае дамы і кватэры.

«Потым частка з іх абудзілася, паглядзела на ўсё гэта і паспрабавала змяніць, але вынік вы ведаеце».

Клас
77
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
7