7 кастрычніка Гомельскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу Галіча.

39-гадовага мужчыну прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 179, і арт. 188. Згодна з абвінавачваннем, Яўген распаўсюджваў у інтэрнэце «заведама непраўдзівыя даныя і паклёп» на начальніка ДАІ, кіраўнікоў гомельскага АМАП і супрацоўніцу Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога — у справе было шасцёра пацярпелых. Распаўсюджванне палягала ў тым, што Галіч пераслаў у прыватным паведамленні два чужыя артыкулы, дапісаўшы ад сябе «Можам паўтарыць». У судзе гэта палічылі заклікам да масавых акцый.

Пацярпелыя ў судзе заявілі, што страцілі пакой і адчувалі дыскамфорт. Супрацоўніца ўніверсітэта казала, што ёй пасля з’яўлення ў інтэрнэце інфармацыі пра яе (якая была напісаная не Галічам) маладзёны свяцілі ліхтарыкамі ў вокны і гучна ўключалі песню «Перамен» Віктара Цоя. Яна выклікала на іх міліцыю, якая затрымала іх і яшчэ яе суседа, які выпадкова выйшаў на вуліцу. Пасля суседка на яе лаялася і «праклінала». Усе пацярпелыя намагаліся спагнаць з падсуднага ад 500 да 5000 руб. кампенсацыі маральнай шкоды.

Сам Яўген віну прызнаў часткова, у пакрыўджаных папрасіў прабачэння. 

Пракурор у судзе запытаў за адзін перасланы Галічам артыкул два месяцы арышту, за другі — тры месяцы арышту, а за «заклік» «Можам паўтарыць» — два гады пазбаўлення волі. Віктар Казачок асудзіў мужчыну да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
10