Фота: Мінабароны

Фота: Мінабароны

Як паведамілі «Нашай Ніве» некалькі не звязаных паміж сабой крыніц, у Беларусі прынята рашэнне аб мабілізацыі. Колькасці людзей, якіх плануюць мабілізаваць, мы пакуль не ведаем.

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне не заяўляць пра мабілізацыю публічна. Гэта было зроблена з улікам наступстваў такога рашэння ў Расіі. «Схаваная мабілізацыя» будзе праходзіць пад выглядам праверкі баяздольнасці часцей і выкліку ваенаабавязаных на зборы, якія ў народзе вядомыя як «набор у партызаны». 

Пра мэты мабілізацыі можна будзе меркаваць, ведаючы лічбу набіраных. 

«Набор да 2000 чалавек гаварыў бы пра даўкамплектацыю асобных часцей пад вузкія баявыя задачы, напрыклад, артылерыйскія», — сказаў «Нашай Ніве» афіцэр Узброеных сіл Беларусі. 

«Трывогу трэба будзе біць, калі лічба мабілізаваных пераваліць за пяць тысяч. Гэта будзе азначаць стварэнне ўдарнай групоўкі на нейкім кірунку. Калі пераваліць за 10 тысяч — некалькі груповак», — дадае суразмоўца. 

«Нашай Ніве» дакладна вядома, што пакуль позвы атрымліваюць толькі жыхары невялікіх раёнаў Беларусі. Вялікія гарады першая хваля «схаванай мабілізацыі» пакуль не закранае. 

«Найбольшая ўстаноўка на тыя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, якіх дэфіцыт у расійскай арміі», — кажуць нам абазнаныя крыніцы.

Адна з крыніц кажа, што «на зборы» выклікаюць кіроўцаў. Іншая — «кухараў, кіроўцаў, тэхнічны і тылавы персанал». Магчыма, гаворка ідзе пра набор на першым этапе таго абслугоўваючага персаналу, які зможа забяспечыць падрыхтоўку саміх мабілізаваных і тэхнікі для іх.

«З 12 кастрычніка па 12 лістапада вайсковыя камісарыяты праводзяць зверку ўліковых дадзеных з мясцовымі распараджальна-выканаўчымі органамі і прадпрыемствамі», — гэта ўжо публічна кажуць у эфіры прапагандысцкіх СМІ ваенкамы. Раней такія зверкі аднамомантна не праводзіліся.

Тлумачэнне, чаму спатрэбілася мабілізацыя, чытайце тут: Крыніцы ў арміі патлумачылі, ці можа Лукашэнка адправіць войскі ва Украіну

Публічна Аляксандр Лукашэнка, а за ім і генералы заяўляюць, што Беларусь уступіць у вайну толькі ў выпадку нападу на яе тэрыторыю. Адначасова прапаганда праграмуе сілавікоў і насельніцтва, што такі напад з боку Украіны, маўляў, абавязкова адбудзецца, бо да гэтага нібыта ўлады Украіны падштурхоўвае Захад. 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь прыбудзе «не адна тысяча» рускіх салдат, і прызнаў удзел Беларусі ў «спецыяльнай ваеннай аперацыі», што робіць нашу краіну легітымнай цэллю для ўзмацнелай украінскай арміі. 

Раней крыніцы «Нашай Нівы» паведамлялі, што на беларускія палігоны чакаецца прыбыццё значнай колькасці расійскіх мабілізаваных. 

«Па маёй інфармацыі, ідзе падрыхтоўка для прыняцця расійскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах, вучэбных цэнтрах і вайсковых часцях. У нас ёсць і месцы для трэніровак, і інструктары. Магчыма, Расія патрабуе ад Лукашэнкі, каб навучанне часткі мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў праходзіла ў Беларусі і праводзілі яго беларускія сілавікі», — выказваў раней меркаванне адзін з нашых суразмоўцаў. 

Іншыя суразмоўцы звяртаюць увагу на паветраныя ўдары з паветранай прасторы Беларусі і спробу захапіць Кіеў і поўнач Украіны ў лютым 2022 года, якая была зробленая з тэрыторыі нашай краіны. 

«Украінцы маюць усе падставы не дапусціць другога паходу на Кіеў, які, мяркуючы па ўскосных прыкметах, можа цяпер рыхтавацца. У той жа час любы прэвентыўны ўдар па рускіх у Беларусі можа быць інтэрпрэтаваны як напад на Беларусь», — кажа наш суразмоўца. 

Перад нападам Расіі Аляксандр Лукашэнка прагназаваў, што вайна скончыцца перамогай рускіх «за тры-чатыры дні». Правал Расіі на першым этапе вайны стаў нечаканасцю для лукашэнкаўцаў. Прапаганда Мінска працягвала гаварыць пра непазбежнасць перамогі Расіі і асвятляла падзеі ў тым жа духу, што і расійскі афіцыёз. Сам Лукашэнка не раз казаў, што «Расія не можа прайграць». А беларуская разведка, мяркуючы па ўсім, не чакала і таго, што ўкраінцы пяройдуць у контрнаступ на поўдні.

У Мінску ўсё яшчэ вераць, што перамога будзе за «саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі». Кіраўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель у нядаўнім выступе перад супрацоўнікамі БелАЗа нават канкрэтызаваў даты пачатку «пералому» — лістапад 2022-га. Калі схаваная мабілізацыя пачнецца зараз, то акурат да сярэдзіны лістапада яна будзе скончаная.

* * *
Ведаеце важнае, ведаеце больш? Пішыце нам у тэлеграм-бот @nasa_niva_bot. Альбо — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

З нашага боку гэтыя месенджары абароненыя. Але пільнуйцеся, каб у вас саміх стаяла падвойная аўтэнтыфікацыя і аўтаматычнае выдаленне.

Лукашэнка ўпершыню прызнаў удзел Беларусі ў вайне ва Украіне

Лукашэнка: Мабілізацыі не будзе, будзе праверка рэзервістаў

Клас
28
Панылы сорам
25
Ха-ха
23
Ого
21
Сумна
16
Абуральна
297