Самае высокае дрэва Амазоніі знаходзіцца ў запаведніку ракі Іратапуру на поўначы Бразіліі. Вышыня расліны — 88,5 метра, а дыяметр — амаль дзесяць метраў. Яна адносіцца да віду Dinizia excelsa. З-за чырвона-бурага адцення драўніны яго называюць «чырвоны анёл».

Навукоўцы выявілі дрэва ў 2019 годзе падчас аналізу паказчыкаў ліда́ра на борце самалёта, які аблятаў джунглі. Практычна адразу ж да Dinizia excelsa адправілі першую экспедыцыю. Але ў каманды эколагаў, гідаў і навукоўцаў не хапіла сілаў і запасаў харчавання — праз дзесяць дзён група вярнулася назад.

Яшчэ тром экспедыцыям удалося дабрацца да іншых гіганцкіх дрэў, сярод якіх самы высокі бразільскі арэх Амазоніі вышынёй 66 метраў. А вось Dinizia excelsa змаглі знайсці толькі ў верасні 2022 года ў ходзе пятай экспедыцыі.

Каманда з 19 чалавек прайшла 250 кіламетраў на лодцы па рачных парогах, затым 20 кіламетраў пешшу па горных джунглях. Даследчыкі сабралі каля дрэва лісце, глебу і іншыя ўзоры. Яны дапамогуць вызначыць узрост гіганцкай расліны. Папярэдне ёй 400-600 гадоў.

Самым высокім дрэвам у свеце лічыцца секвоя вечназялёная па мянушцы Гіперыён, якая расце ў нацпарку Рэдвуд на поўначы Каліфорніі. Яе вышыня — каля 116 метраў.

Клас
33
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
0