Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. 

Журналіста вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванні іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў).

Падставай для пераследу журналіста на думку калегаў Сацука, з'явіліся гучныя расследаванні, якія перадусім тычыліся маштабнай карупцыі ў медыцынскай галіне. На падставе здабытых фактаў ён расказаў пра беспрэцэдэнтныя «адкаты» за пастаўку дарагога абсталявання; закупку незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабоўвалі на беларускіх дзецях; фальсіфікацыю лічбаў распаўсюду COVID-19 у Беларусі. І ўсё гэта пры ўхваленні кантрольнага ведамства — Міністэрства аховы здароўя. 

19 кастрычніка на працэсе з удзелам Сяргея Сацука адбыліся фармальныя спрэчкі бакоў, якія ў палітычных працэсах звычайна маюць не самае прынцыповае значэнне. Да таго больш за тры тыдні суддзя Святлана Бандарэнка вывучала матэрыялы следства і заслухоўвала сведкаў.

Пракурор запрасіў восем гадоў зняволення.

Як расказалі службе маніторынгу БАЖ сваякі Сяргея Сацука, агалошванне прысуду прызначанае на 26 кастрычніка ў адкрытым фармаце. І дадаюць, што на юрыдычны цуд з апраўдальным вынікам суда пры такім наборы крымінальных артыкулаў разлічваць наўрад ці даводзіцца. Адзінае, што на нейкіх незразумелых для шырокай грамады момантах падазраваны ў «злачынствах» журналіст зможа засяродзіцца ў сваім апошнім слове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0