Каб разабрацца, як цяпер беларусам падаваць дакументы на атрыманне гуманітарнай візы, журналісты патэлефанавалі ў консульскі аддзел пасольства Польшчы ў Беларусі. Там пацвердзілі: спіс гарадоў, у якіх можна падацца на візу, стаў меншы.
—Візавыя цэнтры горада Мінска, Гомеля і Магілёва спынілі прыём дакументаў на гуманітарныя візы, — заявіў прадстаўнік консульскага аддзела. — Але калі ў вас мінская прапіска, вы можаце звярнуцца да нас напрамую па электроннай пошце.
У такім выпадку, адзначылі ў ведамстве, сітуацыю разгледзяць індывідуальна і можна будзе падаць дакументы ў Мінску. Праўда, для асабістага разгляду Вашай заяўкі консульствам трэба будзе абгрунтаваць факт рэпрэсій і прыкласці сканы пацвярджаючых дакументаў.
На пытанне, што рабіць тым, хто прапісаны не ў Мінску, а, напрыклад, у Магілёўскай вобласці, растлумачылі: калі ёсць падставы лічыць, што вы падвергліся рэпрэсіям, можна таксама падаваць дакументы ў сталіцы ў індывідуальным парадку, перад гэтым напісаўшы на пошту. Калі дакументальных пацверджанняў няма, трэба будзе звяртацца ў візавыя цэнтры Брэсцкай вобласці.
— Віцебск, Мінск, Гомель і Магілёў [цяпер] абслугоўвае консульства ў Менску, і іх візавыя цэнтры, адпаведна, таксама.
— Чаму вырашылі паменшыць колькасць гарадоў, дзе можна падаць дакументы на гуманітарную візу?
— Гэта пастанова Міністэрства замежных спраў Польшчы, тут каментаваць складана. Але ў нас скарачаецца колькасць дыпламатаў, супрацоўнікаў, і таму крыху скарачаецца і колькасць прыманых дакументаў.





