Вадзім Іпатаў расказаў, што частка дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу будзе выбірацца, гэта дэлегаты ад мясцовых саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці.

Як менавіта будзе праходзіць абранне сяброў УНС з грамадзянскай супольнасці і мясцовых дэпутатаў, чыноўнікі прапішуць у Выбарчым кодэксе. Аднак, як вынікае, прамых выбараў, не будзе.

«У нас у адпаведнасці з праектам закона «Аб грамадзянскай супольнасці» вызначана, што такое субʼекты грамадзянскай супольнасці. Выбарчы кодэкс гаворыць аб тым, што выбары гэтых дэлегатаў будуць арганізоўвацца самімі субʼектамі, на пасяджэннях іх вышэйшых органаў. Яны будуць гэтых дэлегатаў вылучаць, за іх галасаваць і такім чынам яны потым будуць працаваць у якасці дэлегатаў УНС», — заявіў Іпатаў.

Дэлегатаў ад мясцовых саветаў дэпутатаў будуць абіраць абласныя саветы ад рэгіёна.

А што тычыцца Мінска, то «тут асаблівая форма».

«У Мінску адсутнічаюць раённыя саветы дэпутатаў, а ёсць толькі Мінскі гарадскі. Праектам прадугледжана, што ўсе дэпутаты Мінскага гарадскога савета зʼяўляюцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу», — патлумачыў Іпатаў.

Пра дэлегатаў УНС ад заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў нічога не сказаў. Магчыма, іх нейкім чынам таксама будуць прызначаць.

«Выбары» ва УНС чакаюцца пасля парламенцкіх выбараў у 2024 годзе.

Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры стварэнні УНС «выключна выбарным шляхам усё будзе ажыццёўлена».

«УНС — гэта выбарны орган. Усё будзе ісці ад народа. І няма такой неабходнасці Лукашэнку там усіх прызначаць. Ну а ўжо тыя «буракападобныя» таварышы — яны туды не патрапяць. Гэта дакладна. Іх ніхто не абярэ. Гэта ворагі народа. Ворагам народа там рабіць няма чаго. Людзі са сваім пунктам гледжання — калі ласка», — сказаў ён.

Нядаўна Лукашэнка шкадаваў, што пры ўнясенні паправак у Канстытуцыю не дазволілі УНС абіраць на сваім паседжанні і прэзідэнта. Але пазней ён сказаў, што народ пакуль не гатовы да такога.

Клас
7
Панылы сорам
36
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
66