«Наш курс беларускай мовы — вялікая рэдкасць»

Як кажа сама Сіёры, універсітэт Сафіі — адна з найлепшых прыватных ВНУ Японіі. І менавіта там студэнты сёлета вывучаюць беларускую.

«Усё гэта арганізаваў прафесар Сін'ічы Акіяма, які тут працуе. Ён спецыялізуецца на рускай філалогіі, але мае цікавасць таксама да іншых славянскіх моваў і лічыць, што веданне іх будзе карысным для студэнтаў. Таму ён зрабіў параўнальны курс славянскіх моваў — вось сёлета абраў беларускую і польскую, — расказвае Сіёры. — То-бок мае студэнты ўжо добра ведаюць рускую мову, і мне з імі крыху прасцей — не трэба выкладаць з нуля».

На першую пару па беларускай мове прыйшло амаль 30 студэнтаў. Для Японіі гэта вялікая лічба — з досведу суразмоўніцы, на заняткі рускай мовай ніколі не прыходзіла больш за 17 вучняў. І таму ў першы дзень нават давялося мяняць аўдыторыю.

«Прафесар вельмі актыўна рэкламаваў гэтыя заняткі. Бо такой магчымасці амаль няма, і наш курс — вялікая рэдкасць. У Японіі ў кнігарнях і бібліятэках нават не знойдзеш падручніка па беларускай мове. Мы выдавалі адзін у 2016 годзе, але не на продаж — я, мая выкладчыца і мой навуковы кіраўнік атрымалі па 20−30 экзэмпляраў, — тлумачыць суразмоўніца. — Таму гэта сапраўды ўнікальная магчымаць! І людзей не стала меней, усе працягваюць хадзіць. Студэнты вельмі апантаныя і з вялікай цікавасцю вывучаюць мову, мне вельмі прыемна!»

Універсітэт Дзёці ў Токіа, верасень 2022 года. Фота: старонка Сіёры ў Facebook

Універсітэт Дзёці ў Токіа, верасень 2022 года. Фота: старонка Сіёры ў Facebook

«Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай»

Сіёры Кіёсаве 34 гады, яна нарадзілася ў прэфектуры Нагана. Японка скончыла аспірантуру, атрымала ступень PhD. Цяпер яна выкладае ў некалькіх універсітэтах.

Суразмоўніца прызнаецца: пачынала вывучаць мовы з рускай. Але на трэцім курсе ўніверсітэта выкладчык расказаў ёй пра моўную сітуацыю ў Беларусі. І тады яшчэ студэнтка Сіёры вырашыла даведацца пра гэта больш.

«Было цікава, што існуе мова, але на ёй размаўляе вельмі мала людзей — штосьці падобнае да Ірландыі. І я пачала чытаць кнігі, артыкулы пра Беларусь, а пасля вырашыла пісаць магістарскую дысертацыю на тэму моўнай сітуацыі ў Беларусі, — успамінае яна. — Калі я паступіла ў магістратуру, то атрымала магчымасць вучыцца ў Беларусі ў 2012 годзе. Там вывучала і рускую, і беларускую мовы. Прыехала, арганізавала гурток для ўсіх ахвотных — мы вывучалі беларускую разам. Пасля вырашыла працягваць сваё даследаванне ў аспірантуры, а потым ужо стала выкладаць. Спачатку рускую, з гэтага семестра — і беларускую. Нарэшце атрымалася афіцыйна, як прадмет ва ўніверсітэце!»

На стажыроўцы ў Мінску Сіёры паспрабавала вывучаць украінскую і польскую разам з беларусамі.

«Было складана, бо вашыя студэнты ўсё праходзілі вельмі хуткімі тэмпамі (смяецца). Таму гэтыя мовы я пачала пазней вывучаць самастойна. Сёлета вельмі шчыльна ўзялася за ўкраінскую, бо гэта цяпер актуальна, — расказвае Сіёры. — Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай, але маці і бацьку я так часта расказваю пра Беларусь, што яны ўжо самі зацікавіліся. Час ад часу нават пытаюць, што там адбываецца. І вельмі палюбілі беларускія стравы. Асабліва маці: мы з ёй нават хадзілі ў рэстаран беларускай кухні ў Токіа».

Згадаўшы пра рэстаран, дзяўчына пералічвае і сваю любімую беларускую ежу. І на першым месцы, як ні дзіўна, аказаліся не дранікі.

«Мне падабаецца халаднік — гэта мая любімая страва. Я ўпершыню была ў Беларусі ўлетку, і мяне амаль адразу ім пачаставалі. Яшчэ мне вельмі падабаецца бабка. Дранікі, вядома, смачныя, я нават сама іх гатую часам, але не на першым месцы!» — са смехам дадае суразмоўніца.

Cіёры Кіясава на філфаку БДУ, 2020 год. Фота: Старонка Сіёры ў Facebook

Cіёры Кіясава на філфаку БДУ, 2020 год. Фота: Старонка Сіёры ў Facebook

«Дагэтуль мая беларуская не вельмі добрая, але стараюся!»

«Калі я пачала вучыць беларускую мову, то вельмі мала ведала пра саму краіну. Але зразумела, што менавіта праз мову змагу хутчэй пазнаёміцца з вашай культурай, гісторыяй. Бо на японскай не было амаль нічога пра гэта! А мова — гэта такі добры інструмент, каб наблізіцца да краіны», — лічыць дзяўчына.

Сіёры ўспамінае: калі толькі пачала вучыць славянскія мовы, цэлы месяц сышоў на тое, каб вывучыць кірылічныя літары.

«Калі я пачала вучыць беларускую, то праз 9−10 месяцаў магла адказаць на пытанні, штосьці расказаць. Праўда, тады яшчэ з цяжкасцю. Самым складаным быў месны склон, таму што там чаргаванні кшталту «Няміга — Нямізе». І ўвогуле, цяжка было запамінаць канчаткі. Дагэтуль мая беларуская мова не вельмі добрая, але я стараюся!» (смяецца)

Пра стажыроўку ў Мінску дзяўчына расказвае асобна. Горад падчас першага візіту ў 2012 годзе падаўся Сіёры вельмі спакойным і ціхім.

«Нават не верылася, што гэта сталіца, — кажа яна. — Яшчэ было вельмі цікава пачуць беларускую мову. Але яе было не так шмат, у метро і іншым транспарце, напрыклад. Людзі на вуліцах размаўлялі па-руску, але калі я пачала прыслухоўвацца, то заўважыла, што яны вымаўляюць з іншым акцэнтам, ёсць сваё беларускае вымаўленне. А яшчэ мне вельмі спадабалася, калі людзі размаўляюць па тэлефоне і ў канцы кажуць: «Ну добранька, давай». Я спачатку яшчэ думала, што гэта штосьці з рускай, але не!»

Чытае па-беларуску японка не вельмі шмат. Але мае ўлюбёны твор — верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей».

«Гадоў 5-7 таму я пабачыла гэтыя радкі ў аэрапорце ў Мінску. Яны мяне вельмі ўразілі, бо гэта як зварот да тых, хто з’язджае: «Хутчэй вяртайся ў Беларусь, гэта твой дом». Я так адчуваю».

«Беларусь для мяне — гэта другая радзіма»

Пра Беларусь Сіёры кажа каротка: гэта ўжо не проста іншаземная краіна. І расказвае: аднойчы яна была на навуковай канферэнцыі па беларусістыцы ў Лондане. Адчувала сябе няёмка, бо не валодае англійскай. Але дзякуючы таму, што там было шмат людзей, якія валодалі беларускай, у японкі было адчуванне, нібыта яна на радзіме.

«Калі я бываю ў Мінску, мне там вельмі ўтульна, знаёма. І людзі такія ветлівыя, сціплыя. На маю думку, у гэтым яны падобныя да японцаў. Але, магчыма, мне так падаецца праз маю любоў да Беларусі», — разважае дзяўчына.

Большасці месцаў нашай сталіцы, якія з любоўю згадвае суразмоўніца, ужо няма. Напрыклад, Сіёры вельмі любіла кнігарню «Логвінаў», якая да 2017 года месцілася побач з галерэяй «Ў». Пасля будынак знеслі.

«Там супрацоўнікі размаўлялі па-беларуску са мной, што мне было даспадобы. Яшчэ філфак БДУ, бо я там бавіла шмат часу, вывучала беларускую. На ёй там размаўлялі і выкладчыкі, і студэнты, што вельмі крута, — успамінае Сіёры. — Нацыянальная бібліятэка мне таксама падабаецца, там вельмі зручна працаваць. Заўсёды, калі я бываю ў Мінску, еду ці туды, ці ва ўніверсітэт. Таксама любіла хадзіць у Купалаўскі тэатр і глядзець спектаклі. Пасля 2020 года там ужо нічога амаль не паказваюць, праз што мне сумна. І ўніверсам «Цэнтральны»! Там мы часта сустракаліся з беларускімі сябрамі, маглі выпіць піва ці гарбаты, пагутарыць. Унутры ўсё так атмасферна, неяк па-беларуску.

Беларусь для мяне — гэта другая радзіма, якую я вельмі люблю. Амаль кожны дзень пра яе думаю. Але пакуль не магу ўсебакова разумець менталітэт беларусаў. Як і мову: ведаю толькі яе літаратурны варыянт. Застаецца штосьці незразумелае, кшталту дыялектаў, але мяне, наадварот, гэта цікавіць, вабіць да Беларусі», — тлумачыць японка.

Сіёры Кіясава на фестывалі «Камяніца» ў Беларусі, верасень 2015 года. Фота ад суразмоўніцы

Сіёры Кіясава на фестывалі «Камяніца» ў Беларусі, верасень 2015 года. Фота ад суразмоўніцы

«9−11 жніўня не магла паверыць, што гэта адбываецца ў Мінску»

Падзеі 2020 года ў Беларусі Сіёры перажывала так, нібы знаходзілася ў краіне. Чытала навіны, хвалявалася за сваіх знаёмых і сяброў.

«Калі пачаўся гвалт 9−11 жніўня, я спачатку не магла паверыць, што гэта ўсё адбываецца ў Мінску. Што людзі загінулі. Было вельмі цяжка эмацыйна. Вельмі перажывала, сачыла за сітуацыяй. І ўвогуле, мне было вельмі страшна за людзей. Яны хацелі жыць у краіне, дзе маглі б самі штосьці вырашаць, хацелі жыць у той Беларусі, якой яны яе бачылі. Некаторых маіх знаёмых арыштоўвалі. Але, на жаль, сітуацыя вельмі складаная. І да гэтага часу з’яўляецца вялікай праблемай, — кажа японка. — Цяпер ужо ўсе менш гавораць пра Беларусь, а больш пра Украіну. Мне праз гэта таксама сумна. Праблема пакуль не вырашаная, а ўвагі стала менш».

Вайну ва Украіне яна таксама прымае досыць блізка да сэрца, называе ўсё гэта страшнай і вялікай трагедыяй для краіны.

«З іншага боку, шмат маіх знаёмых, якія тут, у Японіі, выкладаюць рускую мову, перажывалі і за жыхароў Расіі, якія не змаглі адкрыта выказацца супраць вайны. І цяпер дзяржава арыштоўвае там людзей, як і ў Беларусі. Гэта таксама страшна. Але для ўкраінскіх людзей гэта вялікая страта. І матэрыяльная, і духоўная, — разважае суразмоўніца. — І для Беларусі ўсё гэта трагедыя — расійская армія ідзе ва Украіну праз яе тэрыторыі. Вельмі цяжка чытаць такія навіны».

«Мне асабіста важна гаварыць пра Беларусь»

«Для мяне вялікае значэнне мае тое, што ва ўніверсітэце ў Японіі нарэшце з’явіліся заняткі беларускай мовы. Дарэчы, гэта не адзінае дасягненне: калі я вельмі даўно рабіла гурток па вывучэнні беларускай, адзін хлопец, Кэн Сібата, які тады са мною выкладаў мову ў гуртку, перакладаў вершы на японскую. І ён нават выдаў кнігу вершаў Багдановіча ў перакладзе!» — дзеліцца дзяўчына.

Зборнік вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на японскую мову. Фота ад суразмоўніцы

Зборнік вершаў Максіма Багдановіча ў перакладзе на японскую мову. Фота ад суразмоўніцы

«Вельмі доўга была такая сітуацыя, што, калі мы тут, у Японіі, гаварылі пра ўсходнеславянскія мовы і культуры, гэта амаль заўсёды было пра Расію. Але цяпер пачалі звяртаць увагу на іншыя краіны: Украіну і Беларусь, — тлумачыць Сіёры. — І, я лічу, трэба паказваць, што ёсць гэтыя краіны, расказваць пра гэтую культуру з іншага боку. Мне асабіста трэба гаварыць пра гэта, для мяне гэта важна. І заняткі мовай — першы крок на гэтым шляху».

Клас
143
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
2