Баец-добраахвотнік падраздзялення «Пагоня». Фота AP Photo / Michal Dyjuk

Баец-добраахвотнік падраздзялення «Пагоня». Фота AP Photo / Michal Dyjuk

«Два маладыя байцы палка «Пагоня» самавольна пакінулі падраздзяленне. Аднаго з іх СБУ падазрае ў супрацы з КДБ», — нядаўна заявіла «Пагоня». 

Пасля гэтай сціслай заявы з'явілася відэа каларытнага барадача, які назваў сябе камандзірам роты «Пагоні», і экспрэсіўная рэакцыя Ціхана «Франца» Клюкача, які ўжо другі раз апынаецца ў эпіцэнтры скандалу. 

«Наша Ніва» з вартых даверу крыніц даведалася, што адбылося. Як ні дзіўна, няма ніякіх падставаў для асаблівага драматызму.

Чытайце таксама: Два маладыя байцы палка «Пагоня» самавольна пакінулі падраздзяленне. Аднаго з іх СБУ падазрае ў супрацы з КДБ

Пасля заявы «Пагоні» ў фэйсбуку з'явілася відэа чалавека, які называў сябе «камандзірам роты «Пагоні». Як стала вядома «Нашай Ніве», у рэальнасці Мікалай «Сікорскі» Косцікаў ніякім камандзірам не з'яўляецца і фармальнага дачынення да атрада цяпер не мае, толькі што ў мінулым дапамагаў яму.

А пасля Ціхан Клюкач на сваёй старонцы ў фэйсбуку абвінаваціў ва ўсім Святлану Ціханоўскую. 

Але што адбылося насамрэч? 

Як патлумачылі «Нашай Ніве» абазнаныя крыніцы, і Клюкач, і другі чалавек некалькі месяцаў праходзілі падрыхтоўку ў складзе атрада аэраразведкі, складзенага з беларусаў. Падрыхтоўка беларускіх добраахвотнікаў адбывалася ў адной з краін «антыпуцінскай кааліцыі».

Меркавалася, што аэраразведка будзе дзейнічаць у складзе «Пагоні». 

Аднак пасля вяртання атрада ва Украіну з прычыны юрыдычных складанасцей у арганізацыі службы замежнікаў гэтаму атраду не ўдалося ўліцца ў «Інтэрнацыянальны легіён» УСУ, у складзе якога ваююць байцы «Пагоні». 

Фактычна, паўтара месяца гэтая група не мела фармальнага статусу, вайсковага білета, не атрымлівала заробку.

У такой сітуацыі цікавасць да беларусаў праявіў Полк імя Кастуся Каліноўскага, у якога, у адрозненне ад «Пагоні», іншае падпарадкаванне і была магчымасць хутка прыняць беларусаў у свае шэрагі. 

Але перш чым уліцца ў яго склад, байцы павінны былі прайсці паліграф і праверку ўкраінскай контрразведкі. Двое з групы той праверкі не прайшлі.

Мы не можам ведаць, што паказаў паліграф, але ёсць падставы меркаваць, што пытанні да Клюкача і байца маглі быць і не вынікам паліграфа, а быць чыста біяграфічнага характару — і гэта паказвае, наколькі высокія стандарты бяспекі мае цяпер украінская армія. 

Баец «Карыч» у свой час вучыўся па праграме Каліноўскага ў Польшчы і доўга не ездзіў на Радзіму, але вырашыў пабываць там у лютым 2022-га. У выніку ў Беларусі ён трапіў у раённы аддзел КДБ і пад пагрозай зняволення пагадзіўся супрацоўнічаць з лукашысцкімі спецслужбамі. Па вяртанні ў Польшчу ён, па нашай інфармацыі, адразу прызнаўся ў гэтым польскім спецслужбам і рэкруцёрам добраахвотнікаў ва Украіну.

Польскія спецслужбы не пабачылі складу злачынства, бо ніякай інфармацыі ён не збіраў і лукашысцкім спецслужбам не перадаваў.

Прайшоў ён і фільтр рэкрутынгу, і інфармацыі пра свой эпізод з вярбоўкай не хаваў. Цяжка сказаць, што паказаў паліграф — можа быць, і сам факт у біяграфіі выклікаў «вета» ўкраінцаў. Прынамсі, крыніцы «Нашай Нівы» не бачаць падстаў думаць, што «Карыч» дзейнічаў несумленна або працаваў на лукашыстаў.

Што датычыць 20-гадовага Ціхана Клюкача, былога палітзняволенага, то прэтэнзіі ўкраінскага боку таксама маглі грунтавацца або на фармальных сумневах, або на негатыўнай рэкамендацыі камандавання Палка Каліноўскага. Рэч у тым, што ён сышоў з гэтага самага палка пасля пакарання за злоснае парушэнне дысцыпліны, на якое адрэагаваў скандалам.

На карысць той версіі, што ні аднаго, ні другога байца не падазравалі ў працы на лукашэнкаўскія ці расійскія спецслужбы, а яны проста не адпавядалі планцы патрабаванняў, гаворыць сам факт таго, што іх не арыштавалі, а проста прадпісалі ім пакінуць Украіну.

Яны адправіліся ў Малдову, каб там далей атрымаць польскую візу.

«У Малдову ж іх не пусцілі, бо гэтая краіна з меркаванняў бяспекі масава адмаўляе ва ўездзе любым грамадзянам Расіі і Беларусі, якія выклікаюць падазрэнні — Кішынёў баіцца спробаў Масквы дэстабілізаваць сітуацыю. У дадзеным выпадку малдаўскіх памежнікаў магло насцярожыць прадпісанне Украіны гэтым дваім пакінуць краіну. Бачачы такую пастанову на руках, пагранічнікі Малдовы вырашылі не ўпускаць іх на сваю тэрыторыю», — мяркуе абазнаная крыніца.

Негатыўны вердыкт украінскіх спецслужбаў адносна «Карыча» і «Франца» мог застацца вядомым толькі вузкаму колу ўтаямнічаных людзей, каб не эмацыйнасць Клюкача, у інтэрпрэтацыі якога ўсё набыло элементы драмы і змовы.

Клюкач пабачыў за ўсім падкопы Офіса Святланы Ціханоўскай. Гэта, аднак, выглядае фантазіяй: Ціханоўская не мае ўплыву ні на рашэнні ўкраінскіх сілавых структур, ні на малдаўскую пагранічную службу, ні нават на камандзіраў Палка Каліноўскага, якія самі знаходзяцца ў складаных адносінах з яе Офісам і ёй самой, бо лічаць іх нерашучымі і праціўнікамі сілавых крокаў.

Да «Сікорскага» Косцікава, імаверна, звярнуўся па дапамогу або Клюкач, або «Карыч», той адрэагаваў відэазваротам, які СМІ распаўсюдзілі, не праверыўшы асобы аўтара. Чаму Косцікаў выдае сябе за камандзіра роты, цяжка сказаць.

«Наша Ніва» не ведае, ці маніпуляваў нехта юным Ціханам Клюкачам, падкідваючы таму абсурдныя думкі пра віну Ціханоўскай у тым, што ён не прайшоў праверкі ўкраінскімі спецслужбамі. Магчыма, гэтым некім быў «Сікорскі»: яго фэйсбук поўніцца перапостамі негатыву пра Ціханоўскую, у тым ліку запушчанага лукашэнкаўскімі спецслужбамі. Клюкач адразу пасля вызвалення казаў, што расчараваны ў тактыцы Ціханоўскай.

«У дадзены момант беларусам робяцца польскія візы, грамадой ім сабраныя грошы на часовае пражыванне і выезд», — патлумачыў нам чалавек з кола байцоў. 

Клас
59
Панылы сорам
180
Ха-ха
15
Ого
19
Сумна
16
Абуральна
33