Фота: Vecteezy

Фота: Vecteezy

У той час як пастаўкі расійскага трубаправоднага газу, які складаў асноўную частку газавага імпарту ў Еўропу да вайны ва Украіне, зводзяцца да мінімуму, еўрапейцы спакойна працягваюць купляць звадкаваны расійскі газ, які дастаўляецца танкерамі.

Звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) успрымаўся як адзін са спосабаў пазбавіцца расійскай газавай залежнасці. У адрозненне ад трубаправоднага газу, ЗПГ можа пастаўляцца з аддаленых рэгіёнаў, уключаючы ЗША і Катар.

Пакуль агульная доля расійскага газу ў ЕС знізілася з даваенных 45% да сённяшніх 14%, імпарт расійскага ЗПГ вырас на 41% за год (па стане на жнівень), паведамляе The Wall Street Journal. Расія з'яўляецца другой па велічыні крыніцай ЗПГ у ЕС пасля ЗША.

Імпарцёры сцвярджаюць, што гэтыя пастаўкі не падпадаюць пад санкцыі ЕС і што закупка ЗПГ з Расіі неабходная, каб дапамагчы ўтрымаць еўрапейскія цэны на энерганосьбіты. Аднак гэты гандаль супярэчыць намаганням ЕС пазбавіць Расію даходаў ад выкапнёвага паліва. У снежні ЕС забароніць імпарт большай часткі расійскай сырой нафты, але пакуль не кране імпарт газу.

Найбуйнейшым расійскім экспарцёрам ЗПГ з'яўляецца прыватная кампанія «Новатэк». Аналітыкі кажуць, што рост продажаў ЗПГ дае Крамлю пэўны ўплыў на еўрапейскія энергетычныя рынкі пасля таго, як падзенне паставак трубаправоднага газу абмежавала маскоўскія рычагі ўплыву.

У мінулым месяцы Францыя была найбуйнейшым імпарцёрам расійскага ЗПГ, за ёй ішлі Іспанія і Бельгія. За першыя восем месяцаў года расійскі звадкаваны газ склаў 17% ад агульнага імпарту ЗПГ у ЕС, у той час як амерыканскі — 45%.

Высокія цэны, выкліканыя закрыццём Nord Stream і польскага трубаправода, зрабілі Еўропу самым прыбытковым месцам для продажу расійскага ЗПГ, кажуць аналітыкі. Акрамя гэтага Еўропа па-ранейшаму атрымлівае невялікія аб'ёмы расійскага трубаправоднага газу праз Украіну і Турцыю.

Задоўга да вайны звадкаваны газ быў важнай часткай планаў Расіі па дыверсіфікацыі, з мэтай пазбавіцца залежнасці ад еўрапейскіх рынкаў і задаволіць рост попыту з азіяцкіх рынкаў. Цяпер Расія з'яўляецца чацвёртым па велічыні экспарцёрам ЗПГ пасля Аўстраліі, Катара і ЗША.

Адна з праблем для Расіі заключаецца ў тым, што яе здольнасць павялічваць экспарт ЗПГ абмежаваная забаронай Захаду на продаж тэхналогій, якія Расія выкарыстоўвала для развіцця галіны. Большая частка існуючых у Расіі заводаў абапіраецца на абсталяванне заходніх кампаній, экспарт якіх у Расію цяпер забаронены ЕС.

Аналітыкі кажуць, што здольнасць Расіі рэалізаваць свае амбіцыі па ЗПГ будзе залежаць ад яе поспеху ў пошуку альтэрнатыў гэтаму абсталяванню.

Клас
11
Панылы сорам
29
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
30