— Капрам — гэта не стыль, гэта перыяд у культуры постсавецкіх краін. Таму што стылістычна гэтыя помнікі вельмі разнастайныя. У капіталістычным рамантызме сустракаюцца пабудовы ў духу любых архітэктурных кірункаў: неакласіцызм, хай-тэк, — распавядае «Куфару» Данііл Вераценнікаў, архітэктар і адзін з аўтараў телеграм-канала «Клізма рамантызму». — Стылістычна гэта ўсё што заўгодна, а культурна — гэта даволі суцэльная зʼява, якая звязаная з пэўнымі сацыякультурнымі і палітычнымі трансфармацыямі, якія адбываліся пасля распаду СССР.

Паводле яго, архітэктура капраму — гэта парушэнне табу «высокага густу», спроба на смак «забароненых пладоў». У адзін момант архітэктары па ўсім былым СССР, якія выхоўваліся на высокіх узорах савецкага мадэрнізму, раптам захапіліся стварэннем зусім іншых будынкаў.

— Калі спачатку было нельга, а потым стала можна — гэта зрывае дах, і ты пачынаеш перагінаць палку. Гэтая ўсёдазволенасць, гэтае пʼянкое паветра свабоды, у тым ліку свабоды самавыяўлення, рэальна «зрывала дах» шматлікім архітэктарам, якія да гэтага тварылі ў вельмі строгім акадэмічным ключы. Рамантызм — гэта стомленасць ад універсальнага. Калі класічная строгасць становіцца сумнай, ёй на змену прыходзіць мастацкі плюралізм, — тлумачыць Данііл Вераценнікаў.

Даследчык капіталістычнага рамантызму не раз бываў у Мінску, але вылучыць характэрныя рысы мясцовага капраму не бярэцца, пакідае гэтую працу будучым даследчыкам:

— У Расіі бачныя выразныя рэгіянальныя адрозненні. Марыйская архітэктура не падобная да мардоўскай, татарстанская — да чачэнскай. Ніжагародская архітэктурная школа не тое самае, што іркуцкая.

А беларускі капрам такой своеасаблівасцю не валодае. Ён вельмі разнастайны. Магчыма, таму, што ў 90-я — 2000-я ў Беларусі архітэктурны і будаўнічы рынак не быў занадта манапалізаваны, у адрозненне ад расійскіх рэгіёнаў.

Тым не менш эпоха ярка адбілася ў архітэктуры беларускай сталіцы, і Данііл Вераценнікаў вылучыў тры шэдэўры, якія, на яго думку, нясуць у сабе ўсе прыкметы капіталістычнага рамантызму.

— Дом каля Траецкага прадмесця кідаецца ў вочы з розных пунктаў, калі шпацыруеш па Мінску. Гэта адзін з будынкаў, якія моцна змянілі нябесную лінію горада і якія сведчаць аб празмерных амбіцыях забудоўшчыкаў таго часу. Гэта і ёсць рамантызм капіталістаў. Агульны сілуэт будынка і асобныя яго элементы намякаюць на жаданне развіваць гістарычныя архітэктурныя мовы, але велізарны маштаб цалкам знішчае любыя спробы надаць яму кантэкстуальны характар.

— Бізнэс-цэнтр «Капітал Палас» нібы «парадзіруе» Палац прафсаюзаў побач. Пры гэтым, калі паглядзець план бізнэс-цэнтра, нішто не прадвяшчае пафасны порцік у класіцыстычным стылі. Звычайны корпус літарай Г і зусім ардынарны фасад, які невядома навошта вырашылі «ўпрыгожыць» такім вось чынам. Ведаю, што гэты будынак «мазоліць» многім мінчанам вочы, але ён ад гэтага не перастае быць помнікам архітэктуры.

— Уключаць у гэты спіс Нацыянальную бібліятэку не цалкам правамерна. Гэты будынак спраектаваны яшчэ ў Савецкім Саюзе, проста пабудаваны праз 15 гадоў. Але, вядома, яго нельга абысці ўвагай — гэта, па-мойму, выбітная штука. Калі яго задумвалі, ужо была дазволеная прыватная праектоўная дзейнасць, і ў архітэктуру пачалі пранікаць нейкія еўрапейскія павевы. У гэтым магутным архітэктурным выказванні ёсць шмат чаго з інтэрнацыянальнай мастацкай мовы. І ў ім дакладна можна адрозніць рысы ранняга капраму.

На думку даследчыка, у Расіі эпоха капраму падышла да канца: свабоды ў архітэктуры становіцца з кожным годам менш, а творчы палёт дойлідаў абмяжоўваюць рэгламентамі, стандартамі і дызайн-кодамі. Да таго ж сучаснасць прадʼяўляе гэтым будынкам шмат эстэтычных пытанняў.

Але Данііл Вераценнікаў упэўнены, што сапраўдная ацэнка капіталістычнага рамантызму наперадзе:

— З эстэтычнага пункту гледжання помнікі капраму заўсёды, нават у далёкай будучыні, будуць успрымацца як недасканалыя. Але важна іншае — з гісторыка-культурнага пункту гледжання іх каштоўнасць будзе расці.

У нейкі момант будзе зусім няважна, што гэтыя будынкі не адзначаюцца высокім густам, таму што будзе важны сам факт іх наяўнасці — тое, што яны захаваліся і рэпрэзентуюць сабой цэлую эпоху з яе мастацкімі свабодамі. З тымі свабодамі, якія былі, — і раптам іх не стала.

Клас
14
Панылы сорам
25
Ха-ха
23
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
8