Былы прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва перамог дзейнага кіраўніка дзяржавы Жаіра Балсанару ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў пасля падліку галасоў выбаршчыкаў, вынікае са звестак на сайце Вышэйшага выбарчага суда краіны.

Разрыў паміж кандыдатамі пасля падліку 99,26% галасоў аказаўся мінімальным — 50,85% супраць 49,15%.

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі адбыўся 3 кастрычніка, аднак ніхто з кандыдатаў не змог набраць больш за 50% галасоў. У фінальнае галасаванне выйшлі Жаір Балсанару і Лула да Сілва. 

Па выніках першага тура больш галасоў набраў Лула (47,98%), Балсанару аказаўся на другім месцы з 43,59%. Усяго ў першым туры ўдзельнічалі дзевяць кандыдатаў, але ніхто іншы не набраў больш за 1% галасоў.

У 2016 годзе Лула быў асуджаны да 12 гадоў па справе карупцыі і адмывання грошай у дзяржаўнай нафтавай кампаніі Petrobras. Скандал вакол гэтага таксама прывёў да імпічменту Дылмы Русеф у 2016 годзе. Яна была пераемніцай Лулы на пасадзе прэзідэнта і яго паплечніцай па Рабочай партыі. Сам экс-прэзідэнт, выкарыстоўваючы права на апеляцыю, знаходзіўся на волі, а ў 2021 годзе Вярхоўны суд Бразіліі адмяніў прысуды ў дачыненні да яго.

Клас
10
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
3