Мінчука асудзілі на тры з паловай гады за перавод крыптавалюты Bypol
35-гадовага Аляксандра Зіязэтдзінава абвінавацілі па ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) за пералічэнне ў маі 2021 года 0,2 эфіру (на той час каля 800 даляраў) на крыптакашалёк Bypol. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя, паведамляе «Вясна».
«Я не ведаў, што арганізацыя з'яўляецца экстрэмісцкай, грошы перавёў, бо хацеў падтрымаць людзей. Цяпер разумею, што здзейсніў злачынства», — казаў Аляксандр на «пакаяльным» відэа.
Цікава, што ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL была прызнана МУС экстрэмісцкім фарміраваннем толькі ў лістападзе 2021 года, то бок праз шэсць месяцаў пасля пералічэння крыптавалюты.
Пад вартай Аляксандр, верагодна, знаходзіўся з чэрвеня 2022 года.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ